Палітыка жорсткага рэгулявання коштаў атрымала свой працяг. Прэм'ер Міхаіл Мясніковіч даручыў узмацніць кантроль за коштамі, каб у 2012 г. інфляцыя не перавысіла 22 %. Бо сёлета Беларусь стала чэмпіёнам сярод краінаў СНД і Еўропы ў тэмпах інфляцыі. Гэтак, у студзені-лістападзе сёлета спажывецкія кошты ў Беларусі выраслі на 104 %. У нашых суседзяў інфляцыя амаль у 20 разоў меншая. У партнёраў Беларусі па Мытным саюзе -- Расеі ды Казахстану -- рост коштаў склаў 5,6 і 7 % адпаведна. Тым часам інфляцыя ў нашай краіне працягвае расці. За першыя ж тры тыдні снежня рост коштаў склаў амаль 2 %. Чыноўнікі адзначаюць, што тэмпы росту коштаў запавольваюцца, але прымаюць дадатковыя захады. Баючыся пераднавагодняга выбуху коштаў, у Менскім гарвыканкаме падрыхтавалі праекты рашэнняў абмежаваць гандлёвыя надбаўкі на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Парушальнікам вызначаных паказнікаў пагражаюць жорсткія захады адміністратыўнай адказнасці. Сёлетнія ж праверкі суб'ектаў гаспадарання выявілі парушэнні коштаўтварэння ў больш як паловы з іх. Парушальнікаў пакаралі штрафамі або канфіскацыяй выручкі. Вольга Старасціна, "Аб'ектыў"