66-ты дзень галадоўкі сябра КХПэ БНФ Сяргей Каваленка таксама правёў у віцебскім судзе. Другое паседжанне праходзіла з эксцэсамі, і гэтак і не паставіла кропкі ў справе віцебскага "Мірона". Суддзя адхіліла хадайніцтвы пра адвод суддзі ды адвод пракурора. Сваякі вязня гучна абураліся і патрабавалі змены ўлады. Жонка вязня Алена з сямігадоваю дачкою на руках разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, пасля чаго пачалася валтузня паміж прысутнымі ды міліцыяй. Працэс узнавіўся ў іншай зале і без сваякоў актывіста. Разгляд ягонай справы працягнецца заўтра зранку.