Грэцкія крупы перастануць быць дэфіцытам і раскошаю. А на нашых сталах мусіць з'явіцца беларуская грэчка, якая сёлета багата ўрадзіла. У гэтым сёння запэўніваў журналістаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі ды харчавання Васіль Седзін. Грэчкі сёлета сабралі ажно 60 000 тонаў. З яе вырабяць 20 000 тон крупаў пры патрэбе айчыннага рынку 20 000--25 000 тонаў. Чыноўнік запэўніў, што ў крамах будзе дастаткова беларускай грэчкі, а кошт за яе кілю застанецца ў межах 15 000 руб. Аднак журналісты "Камсамольскай праўды ў Беларусі" маглі б паспрачацца з намеснікам міністра. Праведзенае імі напярэдадні спажывецкае расследаванне дало крыху іншую карціну: на крамных паліцах пераважна кітайскі ды расейскі прадукт, або айчынны, які пры дэталёвым разглядзе аказваецца расейскім у беларускім пакаванні. Кошт замежнай грэчкі вагаецца ад 16 000 да 30 000 руб. Прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі тлумачаць, што цалкам пазбегнуць імпарту не дазваляюць законы Мытнага саюзу. І дадаюць, што грэчка сёлета ўрадзіла і ў Расеі, і ва Украіне, таму недахопу ўзнікнуць не мусіць нідзе. Калі верыць абяцанням чыноўнікаў, то днямі ў крамы завязуць шмат якасных беларускіх крупаў. Летась слабы ўраджай прывёў да вострага дэфіцыту грэчкі. Яна ператварылася ў рэдкі пачастунак, кошт якога за год падскочыў прыкладна ў шэсць разоў! Адэля Дубавец, "Аб'ектыў"