Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" заклікала ўлады Беларусі неадкладна спыніць пераслед Алеся Бяляцкага. У трэці дзень працэсу над кіраўніком праваабарончага цэнтру "Вясна" вывучылі апошні -- шосты том справы. Суд над Алесем Бяляцкім каментуюць ягоныя калегі-праваабаронцы. ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА: "Доказная база абвінавачання, мне падаецца, досыць слабая. У матэрыялах справы вельмі шмат дакументаў, якія былі здабытыя не Дэпартаментам фінансавых расследаванняў, а Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, не працэсуальным шляхам. Гэта фотакопіі нейкіх папераў, не перакладзеныя дакументы, якія былі знятыя нейкім чынам з камп'ютара". ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, ПРАВААБАРОНЦА: "Ідзе судзілішча, ідзе гульня -- і вынік яе ўжо ясны. Вынік -- тры з паловаю гады рэальнага пазбаўлення волі. Бо дзеля гэтага рабілася гэтая гульня. Яна скіраваная на запалохванне актывістаў грамадзянскай супольнасці". ВАЛЯНЦІН ГЕФТЭР, ІНСТЫТУТ ПРАВААБАРОНЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ РАСЕІ: "Для нас вельмі важна, каб удары дзяржавы супраць людзей і арганізацыяў не пашыраліся, а мінімізаваліся. Калі ж праваабаронцы будуць займацца яшчэ самаабаронаю, то мы менш зможам дапамагаць людзям. Не абавязкова звязаным з палітыкаю, а ў самых розных сферах абароны правоў чалавека, абароны законных інтарэсаў людзей". Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"