Другая пасьмяротная кніга народнага паэта мае зьявіцца з друку 13 чэрвеня ў выдавецтве «Галіяфы».
Яна задумвалася самім аўтарам яшчэ чатыры гады таму. Начытаць у студыі ды запісаць выбраныя народным паэтам вершы дапамог тады ягоны даўні сябра Алесь Камоцкі. Ён жа ўзяўся і за набор, макетаваньне ды афармленьне кнігі. Да справы далучыўся фотамастак Вадзім Грудзько. Ён падабраў да кожнага верша свае здымкі. найбольш адпаведныя стылзва ды эмацыйна. Але тады дайсьці да друку кнізе перашкодзілі іншыя клопаты, паведамляе «Радыё Свабода».
Мінулай восеньню спадар Камоцкі вярнуўся да ідэі. Давялося нямала папрацаваць над шматгадзінным запісам аўтарскага чытаньня ў непаўторнай барадулінскай манеры. У выніку засталося паўгадзіны.
Наклад кнігі ўсяго сто асобнікаў, бо выдадзеная яна сьціплым асабістым коштам складальніка. Так што «Тры сасны» маюць шанец стаць бібліяграфічнай рэдкасьцю ўжо ў дзень выданьня і прэзэнтацыі. Якая адбудзецца 13 чэрвеня а 19-й у кнігарні «Галіяфы», што адчынілася нядаўна ў Менску на вуліцы Валгаградзкай, 6.
«Тры сасны» — другая пасьмяротная кніга Рыгора Барадуліна. Першая, «У неба пехатою», выйшла да ягоных саракавінаў.