Моладзевы клюб «Крывічы» збiрае музычную спадчыну беларускiх вёсак у Сiбiры.
Яго ўдзельнікі, сярод іншага, ладзяць этнаграфічныя вандроўкі па населеных пунктах, на пачатку ХХ стагодзьдзя заснаваных беларусамі. З такіх экспэдыцыяў яны прывозяць неацэнны скарб — аўтэнтычныя сьпевы ў выкананьні мясцовых бабулек, якія, у сваю чаргу, гадаваліся на песьнях сваіх бацькоў, паведамляе «Радыё Свабода».
Кіраўніца ансамблю аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы» Воля Галанава, да таго ж старшыня аднайменнага моладзевага клюбу, — беларуска ў трэцім пакаленьні. Народжаная ў Сыбіры, яна дасканала вывучыла родную мову і цяпер займаецца высакароднай справай — захаваньнем сьпеўнай спадчыны продкаў:
«Мы былі заснаваныя ў 2009 годзе, у красавіку. Увогуле гэта была збольшага авантура, бо я ня маю музычнай адукацыі; ніхто зь дзяўчат, зь якімі мы пачыналі, таксама ня меў нейкай адмысловай падрыхтоўкі. Мы вырашылі проста сабрацца і падрыхтавацца да Купальля, пасьпяваць купальскія песьні. Штосьці пачало атрымлівацца. Спачатку ў нас у гурце было каля 15 дзяўчат, але потым пачалі пакрысе адыходзіць, таму што цікавасьці былі розныя ў людзей, камусьці падабалася адно, камусьці другое. А некаторыя казалі: добра сьпяваеце, нам падабаецца, таму лепш будзем слухаць.
У выніку засталіся тыя, хто сапраўды гатовы на гэта ахвяраваць свой час, бо дзеля таго каб сьпяваць добра, трэба зьбірацца ня менш як раз на тыдзень. А лепш два разы, як мы гэта робім. Зараз наш касьцяк складаюць чатыры чалавекі, бо дзесьці месяцы два таму некаторыя людзі вылучыліся, сказалі, што іх цікавіць крыху іншы напрамак і яны будуць рабіць свой гурт. Але ёсьць яшчэ, мабыць, чалавек восем, якія жадаюць да нас далучыцца. Кажуць, што сьпяваць нідзе не сьпявалі, але ім цікава, вазьміце, калі ласка, таксама паспрабуем навучыцца. Плянуем ад верасьня ўзяць новых людзей. Можа, нешта атрымаецца, а можа, будзе яшчэ прыгажэй».
У розных канцах расейскай Сыбіры дагэтуль стаяць вёскі, закладзеныя беларусамі падчас аграрнай рэформы, якую правёў тагачасны кіраўнік царскага ўраду Пётар Сталыпін. Людзі ехалі ўздымаць Сыбір з розных куткоў Беларусі, мэтанакіравана, а часьцей міжволі пакідаючы дзецям ды ўнукам культуру і звычаі, адрозныя ад мясцовых.
У паселішчах зь ня самымі беларускімі назвамі Сулкет, Алкіт, Бурук, Ахіны ды іншыя дагэтуль жывуць сталыя людзі, якія вырасьлі на беларускіх казках і сьпевах. Задача «Крывічаў» — пасьпець максымальна занатаваць за старажыламі аповеды пра былое, іх песьні, танцы, найгрышы ды абрадавыя сьвяты. Дарэчы, адна з «крывічанак» — жыхарка беларускай вёскі Тургенеўка Вольга «Лёлік» Рыкун. Паселішча было заснаванае ў 1909 годзе выхадцамі з Гарадзенскай губэрні, і тут дагэтуль віруе актыўнае нацыянальнае жыцьцё.
Удзельнікам ансамбля «Крывічы» ня так даўно стаў і адзін зь лідэраў беларускага руху Прыбайкальля Алег Рудакоў. Кажа, што паверыць у сябе яму дапамагла Воля Галанава, якая раней сама прайшла шлях ад аматаркі да прафэсіянала:
«Аўтэнтычныя сьпевы — яны, скажам так, з аднаго боку цяжкія і няпростыя. Зь іншага — вельмі цікавыя і захапляльныя. Бо звычайны фальклёр, які цяпер гучыць у апрацоўцы, у большай ступені адаптаваны да сучаснасьці. І, безумоўна, людзям, якія сьпяваюць сучасны фальклёр, ім гэта нашмат цікавей, бо ён больш зразумелы. А мы намагаемся пераняць якраз старажытную манеру сьпеваў. Зараз ужо Воля, прыкладам, умее і закрытым гукам сьпяваць, то бок ужо розныя манеры можа агучваць. Таму гэта сапраўды цяжкая праца, калі гэтага трымацца. Дзякуй богу, гурт «Крывічы» існуе і плённа працуе.
У гэтым годзе мы пакуль ня езьдзілі ў Беларусь, а так усе апошнія гады абавязкова бралі ўдзел у самых розных фэстывалях. У 2011-м удзельнічалі ў Першым фэстывалі беларусаў сьвету — гэта было ў межах «Славянскага базару». У 2012-м мы — на сьвяткаваньнях у рамках 1150-годзьдзя Полацку, нас адмыслова запрашаў горад, мы там на розных пляцоўках выступалі, было недзе 5 канцэртаў плюс гала-канцэрт. У 2013-м мы выступалі ў Гомелі, а таксама ў Менску на зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. У гэтым годзе мы таксама маем запрашэньне, але пакуль што няма яго пацьвярджэньня. Ня ведаю, атрымаецца ці не, але, магчыма, у верасьні ўсё ж удасца паехаць, хоць узьнікаюць розныя складанасьці з квіткамі і г.д.».
Удзельнікі гурту зьбіраюцца двойчы на тыдзень. Падчас рэпэтыцыяў адточваюць новы матэрыял, прывезены з этнаграфічных паездак — запісаныя на дыктафон арыгінальныя песьні ўважліва праслухоўваюцца і ў працэсе падрыхтоўкі даводзяцца да дасканаласьці. Потым усе рэчы, якія фактычна атрымалі другое жыцьцё, запісваюцца на кружэлкі, каб унікальны матэрыял з часам ня зьнік. Самі песьні выконваюцца на рэгіянальных сьвятах і фэстах, а таксама падчас наездаў у Беларусь. А днямі беларускія сьпевы гучалі літаральна пад аблокамі. У часе горнага маратону па байкальскіх скальніках — каменных глыбах, што стаяць проста пасярод тайгі — дзяўчаты скарылі гару Віцязь, і на вяршыні ад узьнёсласьці пачуцьцяў песьні паліліся самі сабой.