Адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў правёў урок літаратуры для дзевяцікласнікаў маладзечанскай школы.
Ён прыехаў з Мінска на электрычцы, нягледзячы на свае 77 гадоў. Ахвотна адгукнуўся на запрашэнне маладзечанцаў, у прыватнасці, пісьменніка, краязнаўца Міхася Казлоўскага, які не стамляецца наладжваць для землякоў такія творчыя сустрэчы. Калі Эрнэст Васільевіч працаваў журналістам у раённых газетах, затым у рэспубліканскіх «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Наша слова», прывык увесь час знаходзіцца ў віры жыцця. Для творчага чалавека паняцця «пенсія» не існуе. Задум і працы шмат, чысты аркуш паперы па-ранейшаму вабіць і не дае спакою, бо не ўсе яшчэ загадкі гісторыі разгадаў, не ўсім, што хвалюе, падзяліўся з чытачамі, піша «Маладзечанская газета».
Старшакласнікам надзвычай цікава было пачуць з першых вуснаў аб тым, як нараджаліся аповесці і раманы.
— Да вайны наша сям’я жыла на станцыі Асінаўка пад Оршай, — вяртаецца ў далёкае дзяцінства пісьменнік. — Мой бацька быў механікам, працаваў на будаўніцтве БелГРЭС. Калі пачалася вайна, ён адразу трапіў на фронт, да гэтага яшчэ на фінскай ваяваў. Нас у маці – трое, я – самы старэйшы, на той час шэсць гадоў з паловай меў. У час акупацыі нам дала прытулак радня ў вёсцы пад Крычавам. Аднойчы маладая яўрэйка прыйшла да нас і папрасіла малака для свайго немаўляці, бо ад перажыванняў сама не магла яго карміць. Фашысты напалохалі мясцовых людзей, што таго, хто дапамагае яўрэям, расстраляюць. Нягледзячы на гэтыя пагрозы, мая мама не адмовіла жанчыне, толькі сказала, каб прыходзілі па малако ноччу, калі ніхто не бачыць. Тая прысылала сваю сястру, амаль што маю равесніцу. А каб дзяўчынцы не было страшна вяртацца дамоў, мне было даручана яе праводзіць. Яна мне вельмі спадабалася. Так хацелася паказацца перад ёю смелым, лоўкім. Памятаю, восень, вірок у рачулцы... Ідзём побач, яна гаворыць: «Ой, страшна!». І тады я сігануў у той вір, хаця і плаваць добра не ўмеў. «Эрык, ты тонеш?» — спалохана пыталася з берага дзяўчынка. Выбраўся цудам, але ж сам сабе здаваўся героем. Калі фашысты вывозілі з вёскі яўрэяў, мы з сябрам доўга беглі за машынай…
Гэтыя дзіцячыя ўспаміны ляглі ў аснову першай аповесці Ялугіна «Камяні Млечнага шляху», якая спачатку была надрукавана ў часопісе «Нёман», а затым выйшла асобнай кнігай тыражом у 95 тысяч экзэмпляраў.
Не менш вядомыя яго раманы «Мсціслаўцаў посах» — пра аднаго з беларускіх першадрукароў і асветнікаў Пятра Мсціслаўца, сябра Івана Фёдарава, «Без эпітафіі», прысвечаны пісьменніку, першаму кіраўніку Беларускага савецкага ўрада Зміцеру Жылуновічу (Цішку Гартнаму). Дакументальны фільм паводле гэтай кнігі часта дэманструюць па Беларускім тэлебачанні. Дарэчы, першыя свае кнігі Эрнэст Васільевіч пісаў на рускай мове, а вось «Без эпітафіі» сам пераклаў на беларускую для выдавецтва «Беларусь». Назаўжды запомніў наказ Івана Шамякіна пісаць па-беларуску. Ды на той час і сам адчуў патрэбу выказваць думкі на роднай мове. «Дзякуючы ёй мы яднаемся, каб разам рабіць нешта добрае для Беларусі», — разважае аўтар.
Шмат творчых камандзіровак было ў журналіста Ялугіна. З усіх замежных краін найбольш вабіла Італія – калыска сусветнай цывілізацыі, скарбонка культурных каштоўнасцей чалавецтва. Давялося яму пабываць і ў Алжыры, які адстойваў сваю незалежнасць. Кнігі «Год-другі ў Алжыры», «Сіндбад вяртаецца» (па ёй ідзе пастаноўка на Беларускім радыё) прысвечаны гэтым падзеям. На адным дыханні чытаецца яго прыгодніцка-крымінальны раман «Алжырская пастка». Знайшлі свайго чытача гісторыка-філасофскія раманы «Ідзі і кажы», «Перад патопам», прысвечаныя складаным момантам гісторыі нашай краіны. Эрнэст Васільевіч расказвае, што яго захапленне гістарычнай тэматыкай пачалося з цікавасці да гісторыі свайго роду.
— Мой стрыечны дзед Мікалай Антонавіч Бабровіч у пачатку XIX стагоддзя быў мараком на Балтыйскім флоце, стаў адным з арганізатараў паўстання, за што яго прыгаварылі да смяротнага пакарання, якое замянілі катаргай, — успамінае пісьменнік. — У Сібіры ён і загінуў, застаўся ад яго толькі маленькі куфэрак – рундук. Мне захацелася пра дзеда напісаць. Для гэтага давялося падняць цэлы гістарычны пласт.
Цікавая і гісторыя незвычайнага імя пісьменніка, пра якую ён нават напісаў жартоўнае эсэ.
— Мая матуля вельмі паважала Карла Маркса. Дзякуй Богу, мяне Карлам не назвалі, — расказвае Эрнэст Васільевіч. — А бацька, перакананы камуніст, меў свайго куміра – нямецкага рэвалюцыянера Эрнста Тэльмана, у гонар якога мяне і назваў. Па пашпарце я Эрнст, а вось для творчага імені ўзяў імя Эрнэст, бо вельмі люблю Хэмінгуэя, ды і збег чатырох зычных для беларускага вуха вельмі нязвыклы.
Гэтак жа захоплена, як пра літаратуру і гісторыю, Эрнэст Васільевіч можа расказваць пра… пчол. Аказваецца, у мінулым ён – заўзяты пчаляр, меў вуллі на сваёй дачы ў Вязынцы, закончыў спецыяльныя курсы. Назіраючы за руплівымі насякомымі, ён прыйшоў да высновы, што іх жыццё вельмі нагадвае наша, чалавечае. Свае разважанні на гэту тэму ён выклаў у творы «Рой чалавечы».
Перавыданне кніг, выхад новых, цёплыя водгукі чытачоў, запрашэнні на сустрэчы і творчыя вечарыны, фільмы і радыёперадачы, якія ідуць па яго сцэнарыях, – сведчанне запатрабаванасці твораў пісьменніка. Радуе і тое, што аб ім памятаюць на малой радзіме: у вёсцы Асінаўка адна з вуліц названа імем Эрнэста Ялугіна, а ў Дубровенскім краязнаўчым музеі ствараецца прысвечаная яму экспазіцыя.
Кнігі пісьменніка з яго аўтографам застануцца на памяць ва ўдзельнікаў сустрэчы ў маладзечанскай бібліятэцы. Запомніць моладзь і яго наказ больш чытаць:
— Вы амаль дарослыя. Варта задумацца над тым, што інтэрнэт не заўсёды дае магчымасць засяродзіцца на нечым важным, паразважаць. Толькі кніга фарміруе асобу. Культура чытання вядзе да культуры паводзін, культуры жыцця…