Неяк дзіўна канчаецца год. Беларусь нібы ўступае ў зону цемры. Весткі прыходзяць пераважна кепскія. Што ні дзень, то якое-небудзь новае дзікунства.
Абрабавалі пошту. Узялі абменнік. Уварваліся ў банк. Пра тое, што робіцца ў аддаленых весках, дзе дажываюць свой век старыя, ужо і размовы няма.
Зусім нядаўна адбылося подлае злачынства. Падчас рабаўніцтва абменнага пункту забілі касірку. Дзяўчыне ледзь мінуў дваццаць адзін год. Не паспела адысці ў мінулае гэта навіна, а ўжо новая падзея: на дарогу выйшлі бандзюкі. Зусім як на пачатку дзевяностых – узброеныя людзі ў масках абрабавалі ў Слонімскім раёне мікрааўтобус. Спроба журналістаў атрымаць у міліцэйскіх чыноў Гарадзенскай вобласці хоць нейкія каментары скончылася нічым. Рабаўніцтва – дзяржаўная таямніца.
А можа, і сапраўды не варта ўзгадваць пра тое? Як бы там ні было, а набліжаецца паціху Новы год. Настрой у людзей святочны. Клопат адпаведны – елкі, цацкі, падарункі. І колькі часу там ужо засталося да таго моманту, калі ўзнёслы кіраўнічы голас пад звон келіхаў распавядзе ўдзячнаму народу, як добра жыць пры дыктатуры. Галоўнае – ні пра што не трэба думаць. Ён думае за ўсіх. А гэтыя ўсе могуць сабе спакойна піць і чакаць, што прынясе ім добры Дзед Мароз.
Што ні кажы, а неяк дзіўна канчаецца год. І акрамя Дзеда Мароза прыўладнага, з Белавежскай кіраўнічай рэзідэнцыі, з’явіўся яшчэ і зусім нечаканы. Можа, Дзед. А магчыма, Санта Клаус. Не выключана нават, што ён з самой Лапландыі. Ва ўсякім разе, не тутэйшы. Інакш з якога ражна ён уздумаў бы ісці наўпрост па плошчы Незалежнасці ў атачэнні ажно чатырнаццаці Снягурак і некалькіх зайцоў. Мала таго, уся кампанія кіравалася ў палатку, дзе месцяцца звычайна самыя народныя абраннікі. Неслі туды петыцыю наконт неабходнасці адмены славутага артыкула 193.1 тутэйшага крымінальнага кодэкса. Таго самага, які прадугледжвае адказнасць за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Мардаты чалавек, які відаць саромеецца сваёй міліцэйскай альбо гэбэшнай уніформы, а таму “на дело” выходзіць зазвычай у цывільным, на подступах да Дому Ўраду кампанію спыніў. Рашуча і бескампрамісна, нібы натаўскі дэсант. І патлумачыў нахабным парушальнікам пераднавагодняй ідыліі, што гэта несанкцыянаванае шэсце.
Няйначай той Дзед Мароз насамрэч лапландзец. Санта Клаус, як ні круці. Свой ніколі не наважыўся б гэтак нахабна парушаць спакой начальства. Бо добра ведае, што паводле вышэйзгаданага артыкула нават тыя тры заўзятары, што наважацца адолець разам пляшку, могуць быць працягнутыя да адказнасці ў якасці незарэгістраванай арганізацыі. Не, тут ніхто нічога не забараняе. Хочацца бутэльку ўзяць на трох – напішыце статут, здыміце офіс, зарэгіструйцеся ў Мінюсце і піце на здароўе. А тут – ажно чатырнаццаць Снягурак. Жах!..
Раней усіх парушальнікаў спакою кінулі б адразу ў аўтазак. Зайцам паадрывалі б вушы. А Дзеду Марозу адкруцілі б чырвоны нос. Але цяпер у нас, як вядома ўсёй Еўропе, лібералізацыя. А таму адбылося амаль неверагоднае. Тое несанкцыянаванае шэсце зайцоў заблакавалі, зразумела. Аднак пэўную дэпутацыю ад усёй кампаніі на запаветную тэрыторыю прапусціць пагадзіліся. Нават з іх крамольным лістом. Каб зноў не патрапіць у юрыдычную пастку з незарэгістраванай арганізацыяй, дэпутацыю сарамліва скарацілі да адной Снягуркі.
Як толькі яна ўвайшла ў запаветныя дзверы, лібералізацыя скончылася. Нават наіўная просьба петыцыю зарэгістраваць выклікала злосную рэакцыю тых, хто пры дзвярах улады. Было загадана апусціць паперу ў шчыліну скрынкі, пад якой, не выключана, кантэйнер для смецця. На Валерыя Шчукіна, які ўвайшоў услед, каб падтрымаць законнае патрабаванне дэлегаткі, накінуліся нейкія бандзюкі ў цывільным. Менавіта бандзюкі. Прыстойныя, а тым больш службовыя людзі, паводзіць так сябе не могуць.
Дэпутата Вярхоўнага Савета трынаццатага склікання – легітымнага парламета краіны, афіцэра флота, паважанага ўсімі прыстойнымі людзьмі чалавека падонкі па-зверску збілі. І - нічога. Ніхто не рэагуе. Няма ні міліцыі, ні пракуратуры. Ёсць толькі незлічоныя тлумы пазбаўленых аблічча ахоўнікаў улады.
А таму спакойна у гэтай цемры выходзяць на дарогу рабаўнікі. Яны ведаюць: ім нішто не пагражае. Усе тыя, хто мог бы па гарачых слядах злачынцаў узяць, змагаюцца цяпер на іншым фронце. Яны вартуюць спакой самага палахлівага чалавека краіны.
Яму тут страшна жыць. На кожным кроку мрояцца змовы. Спецслужбы шчыруюць днём і ноччу. А варожую раць не могуць рассеяць. Ні вайсковыя вучэнні, якіх не бачыў свет, ні карныя акцыі на плошчы, ні магутныя валютныя ін’екцыі з захаду і ўсходу спакою не прыносяць. У цішыні чуваць ўсё больш выразна, як патрэскваюць ножкі кіруючага крэсла. Таго самага, за якое абяцаў калісьці змагацца са зброяй у руках. Хоць там супроць нейкіх Снягурак, ці нават усіх маразоў Лапландыі.
Але нічога ўжо не перайначыць. Гэткія войны заўжды сканчаюцца для дыктатараў бясслаўна. І ад гэтага вар’яцкага змагання з Дзедам Марозам застанецца хіба што фотаздымак. Танюсенькая постаць Снягуркі-дэлегаткі ў атачэнні няўклюдных бугаёў нібыты ў цывільным.
Дакладней, у карычневым.