Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Плошча маўчання

26.03.2010 политика
Плошча маўчання

Гісторыя ўдала выбрала дзень нашай Волі. Вясна. Сакавік. Звеставанне. Ды і сцяг папярэднікі нашы абралі краіне сваёй адпаведны.

Калі ў шэрым святле сакавіцкага дня шугане гэта бел-чырвона-белае полымя, заўсёды здаецца, што не можа тут быць абыякавых. Адны за яго рызыкаваць гатовы жыццём. А іншыя ненавідзяць люта. Тым болей, у дзень гэткага свята.

А яшчэ напярэдадні дзіўны выдаўся вечар. Нядаўнія дажджы змылі сляды доўгай і безнадзейнай зімы. Улады аздобілі горад шыкоўнай ілюмінацыяй. Над праспектам імкліва пабеглі агеньчыкі. Нейкія хлопцы, праходзячы міма, усміхаліся: як кіраўніцтва сутракае Дзень Волі!

Так, яно сустракала. Толькі не свята. Кітайскага чыноўніка, які наведаў Мінск у аўторак. А свята прыйшло на наступны дзень. Да ўлады – сваё: госць з Паднябеснай паабяцаў пазычыць мільярд. Вось такі падарунак лёсу напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. Можна будзе кінуць костку электарату. І на дажынкі яшчэ застанецца. А ці не вылезе бокам той мільярд, даведаемся пазней. Пасля скокаў. Кітайцы задарма падарункаў не раздаюць. А таму начальнік краіны ў парыве натхнення паабяцаў, што цяпер тут іх рэспубліка. Прыкладна тое ж было абяцана і палымянаму Уга. А яшчэ – бразільцам, расійцам і арабам з Аману. Для ўсіх Беларусь цяпер родны дом. Толькі для беларусаў месца ўжо не застаецца. Хіба што гэты вось пятачок перад Акадэміяй. Апошні плацдарм.

Мінулым разам для ўсіх, хто спяшаўся сюды на свята, улады падрыхтавалі свае традыцыйныя падарункі. Шыхты спецназу. Аўтазакі ў дварах. Снайпераў на даху. І спіраль Бруна, якую сарамліва хавалі за філармоніяй. Аднак сёлетні год – не абы які. Ажно дзве выбарчыя кампаніі. Год актыўнага дыялогу грамадства з уладай. Якія ж цяпер яна назапасіла аргуметы?

Ды ўсё тыя ж. Аўтобусы са спецназам на вуліцы Броўкі. На бульвары за філармоніяй. Аўтазакі на вуліцы Дарашэвіча. Шыхты шлеманосцаў з дубінкамі па абодвы бакі праспекта. І усё тыя ж ланцугі ў падземным пераходзе. А ў якасці ноу-хау – гераічная спроба начальніка Мінскай міліцыі нанесці апазіцыі прэвентыўны і сакрушальны ўдар. Генерал ні да чаго лепшага не дадумаўся, як папярэдзіць строга заяўнікаў акцыі, што рыхтуецца страшэнная правакацыя. З суседняй дзяржавы на тэрыторыю шматпакутнай Беларусі ўварвалася злачынная група. Мэта яе – учыніць падчас свята правакацыю. А таму менавіта яны, заяўнікі акцыі, будуць несці за тое адказнасць. А слаўнай Мінскай міліцыі займацца яшчэ і гэтым проста часу няма. Яна ж пільна сочыць за кожным удзельнікам акцыі.

Віктар Івашкевіч проста адмахнуўся ад пільнага генерала: “Не ўблытвайце нас у разборкі з вашай саюзнай дзяржавай!” Але ж ім, героям нябачнага фронту, так карцела непажаданае свята сарваць, што яшчэ на подступах да Акадэміі кансфіскавалі гукаўзмацняльную апаратуру. А заадно і гітару. Каб беларускія барды чаго-небудзь без дазволу ўсенароднай цэнзуры раптам не заспявалі. Мала таго, дык яшчэ прыцягнулі на святочную плошчу сабак – нібыта шукалі выбухоўку. Такое вось атрымалася “дазволенае” свята. Дзіўна ўвогуле, што яно адбылося. Потым будуць крычаць на ўсіх скрыжаваннях, якія яны лібералы. Гэта ж трэба так наступіць на горла сваёй звычнай песні – нікога не кінуць у аўтазак.

Шмат хто зараз незадаволена чмыхае носам: акцыя не ўдалася! Ну што ж, даруйце, панове, гэтым разам яны нас не білі. Процьма цікаўных стаяла на другім баку праспекта, назіраючы за сутычкай моладзі са спецназам. Хаця б тут!.. І раптам такое расчараванне – не махаюць дубінкамі, не кідаюць у аўтобусы арыштантаў. Нічога, пабачыце іншым разам. Паўза доўгай не будзе. Не той рэжым.

Кажуць, выйшлі на вуліцу тысячы дзве. Магчыма, столькі ж, як летась. А можа і болей. Але ўсё ж малавата. Плошча Каліноўскага пакуль што не паўтараецца. Абачлівыя грамадзяне абіраюць іншы напрамак – Плошчу Маўчання. Нічога не зробіш – жыццё прымушае. Дзеці. Сям’я. Трэба неяк круціцца. Зарабляць. І маўчаць зацята, каб свой сціплы здабытак не страціць. Памяркоўны, разважлівы люд. Разумны выбар.

Вось толькі не прагадаць бы. З той глухой, неагляднай плошчы няма дарогі нікуды. Нават на Бангалор. Хіба што толькі ў нябыт.

І ўсё ж пакуль ёсць яшчэ людзі, у якіх выбар іншы, нічога не страчана. І ўладам не варта так ужо цешыцца з нагоды сапсаванага імі свята. А тым больш, разважлівых і асцярожных залічваць адразу ў надзейны свой рэзерв. Маўклівыя – люд непрадказальны. І пра што яны насамрэч думаюць, не ведае ніхто.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]