Я мару аб Беларусі, дзе старшыня парлямэнту езьдзіць на працу ў мэтро.
Я мару аб Беларусі, дзе старшыня парлямэнту езьдзіць на працу ў мэтро, а кіраўнік МУС ходзіць у тую ж качалку на раёне, што й ты, цытуе эссэ грамадскага актывiста Глеба Сандраса «Наша Нiва».
Я мару аб Беларусі, дзе людзям ня трэба ўсю ноч сьціраць пальцы аб клявіятуру, каб набыць танныя авіяквіткі. Ня трэба ім і ехаць ў Вільню ці Варшаву, каб скарыстацца лоўкостэрамі, бо такія ж рэйсы ё зь Менску й абласных гарадоў. І каб патрапіць у Эўропу, ЗША, Канаду ці Аўстралію, беларусам ня трэба стаяць у кілямэтровых чэргах па візы, бо з гэтымі краінамі ў нас узаемны бязьвізавы рэжым.
Я мару аб Беларусі, якую за год наведваюць мільёны турыстаў дзясяткаў нацыянальнасьцяў.
Я мару аб Беларусі, дзе людзі зарабляюць столькі, што хапае на ўсё ды яшчэ застаецца. Пэнсыянэры гэтай Беларусі, не стаяць у чэргах па цукар і лекі, а загараюць на пляжах Фуэрта-Вэнтура й слухаюць экскурсыю ў Кёльне альбо Парыжы.
Я мару аб Беларусі, дзе людзям з вышэйшай адукацыяй працадаўцы абрываюць тэлефоны.
Я мару аб Беларусі, дзе міністр ЖКГ падае ў адстаўку, бо схлусіў, што валодае італійскай мовай. А валодае ён толькі нямецкай, францускай, ангельскай, беларускай, расейскай, ну і яшчэ гішпанскай.
Я мару аб Беларусі, дзе чалавек не апускае вачэй, заўважыўшы ідучых насустрач міліцыянтаў. Бо тыя ўсьмешліва вітаюць яго, а ён іх.
Я мару аб Беларусі, дзе амапаўцы не здымаюць удзельнікаў масавых акцый на камэры, а ахоўваюць і нават пагаджаюцца зрабіць «сэлфі».
Я мару аб Беларусі, дзе ўнутры маршрутак сапраўды ёсьць бясплатны Wi-Fi, а ня толькі надпіс на дзьвярах звонку. І ўвогуле дармовы інтэрнэт ёсьць у грамадзкім транспарце, дзяржустановах, на прыпынках і вакзалах.
На вакзалах у Беларусі маіх мараў касіры ня кажуць турыстам: «Ой, а я ні знаю англійскава», а ўпэўнена пытаюць: «What kind of ticket do You want, Sir?».
Я мару аб Беларусі, дзе ў кафэтэрыі ўнівэрсама «Цэнтральны» на вашую просьбу аб філіжанцы кавы на сподачку поўная цёця з хімзавіўкай і пальцамі-сардэлькамі запытае: «А вам колькі торбачак цукру?».
Я мару аб Беларусі, дзе, заходзячы ў мясны аддзел крамы, ня трэба шукаць прадаўца, бо ён сам запрашае вас набыць «вось гэтую шынку» альбо «вунь той кумпяк і вяндліну». На касе ў той жа краме дзяўчына шчыра вітаецца, а даючы рэшту, кажа: «Вось ваша тысяча талераў, а вось дзьвесьце. Смачна есьці!».
На жаль, пакуль гэта толькі мары. Я шчыра спадзяюся, што хутка яны зробяцца рэчаіснасьцю. Але ўсё залежыць ад кожнага з нас.