Адзін з самых вядомых дзеячоў беларускай эміграцыі прэзентуе сваю кнігу "Кантакты".
Сустрэча з адным з самых вядомых дзеячаў беларускай дыяспары, доктарам Янкам Запруднікам, адбудзецца ў аўторак, 28 чэрвеня, у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна (вул. Гікалы, 4).
Пра гэта charter97.org паведамілі ў інфармацыйным цэнтры Задзіночання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Нагода для сустрэчы – прыезд сп. Янкі на Радзіму напярэдадні яго 90-годдзя і прэзентацыя кнігі "Кантакты", што нядаўна ўбачыла свет у серыі "Бібліятэка "Бацькаўшчыны".
Выданне заснаванае на лістах, што пісалі беларусы з метраполіі Янку Запрудніку, і з’яўляецца своеасаблівым працягам выдадзенай у мінулым годзе кнігі Янкі Запрудніка "Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952-1959 гг.".
Вядомыя даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, якія займаліся ўкладаннем "Кантактаў", працавалі з тым самым архівам, толькі з іншага ракурсу: іх мэтай было паказаць, як і дзеля чаго беларусы з метраполіі наладжвалі кантакты з беларусамі ў эміграцыі.
Апроч галоўнага героя кнігі – доктара Янкі Запрудніка – выступяць:
Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва;
Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі;
Адам Мальдзіс, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук;
Лідзія Савік, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук;
Уладзімір Арлоў, гісторык, пісьменнік.
Валеры Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў прэзідэнцкай бібліятэкі, намеснік старшыні Рады "Бацькаўшчыны".
Мадэратар сустрэчы — Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук.
Падчас імпрэзы адбудзецца ўрачыстае ўганараванне пераможцаў конкурсу працаў пра беларускае замежжа, які ладзіўся Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" да свайго 25гадовага юбілею.
Пачатак імпрэзы 28 чэрвеня ў 18:00.
Уваход на мерапрыемства вольны.