У кнiзе «Быў у пана верабейка гаварушчы» пра сваё жыццё апавядаюць беларусы, жыхары «глыбінкі», чыё слова не імкнуцца трансляваць афіцыйныя СМІ.
Кніга незвычайная ня толькі сваёй назвай — «Быў у пана верабейка гаварушчы». Яна ўнікальная ўжо тым, што са старонак да чытачоў гаворыць ня толькі аўтар, журналіст Зьміцер Бартосік: тут пра сваё жыцьцё апавядаюць шэраговыя беларусы, жыхары «глыбінкі», чыё слова ня так часта імкнуцца трансьляваць афіцыйныя СМІ — бо надта яно праўдзівае і трапнае, паведамляе «Радыё Свабода».
Назва кнігі — таксама з самых трапных, яскравых аповедаў. Зь якога слова не выкінеш, нават калі яно грубаватае, сьмяецца аўтар:
«Аднойчы ў вёсцы Дзямідаў, што на Гомельшчыне, старая Ганна Дуда распавяла мне гісторыю пра магнатаў Горватаў. Ці праўда гэта, ці ўжо байка, фальклёрная гісторыя — хто ведае? Жыў быў пан у іх, да рэвалюцыі. Добры быў чалавек, ніколі чалавека дарма не пакрыўдзіць. Але быў у яго такі верабейка гаварушчы — напэўна, у тыя часы пра папугаяў ня чулі, дык назвалі так. І гэты верабейка гаварушчы, як пан казаў, паціху назіраў за гаспадаркай. А найболей — за сялянамі, пакуль пан у ад’езьдзе. А калі вяртаўся, то верабейка яму ўсё дакладае: хто нешта скраў з панскага майна, хто на фартап’янах брынькаў ці перад люстэркам у панскіх пакоях круціўся... Дык сяляне й вырашылі зашыць таму верабейку жопу! А ён гаварушчы- гаварушчы, ды ня надта: усяго распавесьці ня ўмеў. Прыйшоў пан. А той кажа: „Шыла-шыла дый зашыла“. Нічога пан не зразумеў, нічога не заўважыў, сяляне не прызналіся. А верабейка здох».
Зьміцер Бартосік лічыць, што гэтая гісторыя — няйнакш пра лёс нашай Беларусі. Тут і пра тое, як беларусы ўмеюць «па-партызанску» ваяваць са сваімі прыгнятальнікамі: без залішняга шуму, але эфэктыўна. І пра спробы «зашыць» раты нашым суграмадзянам, каб ня скардзіліся на жыцьцё, ня бэсьцілі ўлады. Прыстрашыць людзей, як было ў самыя цяжкія гады беларускай гісторыі, дый цяпер — кантрактамі на вытворчасьці, ці законам пра дармаедаў, ці відэаназіраньнем на кожным кроку. А гэта ж і ёсьць той самы «верабейка гаварушчы», даносчык, пры якім — ні слова лішняга, ні руху...
Але чалавеку проста неабходна выгаварыцца, выказацца ці нават паспавядацца. І гэтая кніга складаецца менавіта з такіх шчырых размоваў, гаворыць аўтар:
«У ёй 35 гісторый пра ўсё — пачынаючы ад рэвалюцыйных падзеяў і сканчаючы нашым часам. Прычым аснову складаюць аповеды пра страшнае — зьвязаныя са злачынствамі, забойствамі, бо цяжкі лёс у беларусаў. Адным словам, невясёлыя гісторыі».
Ёсьць у зборніку і нарысы з Глыбоччыны — «Загадкавае прароцтва глыбоцкіх старцаў», гэта тры гісторыі, пачутыя ад мясцовых жыхароў, і «Беларускі аграном Баляслаў Лапыр», пра глыбоцкага садавода-сэлекцыянэра, які вывеў адмысловы гатунак вішняў, надзвычай урадлівы ў тутэйшых умовах. І хоць афіцыйна такога гатунку няма, славу Глыбокаму ён прынёс: нездарма ў райцэнтры заснаваны і штогод праводзіцца «Вішнёвы фэст».
І першую прэзэнтацыю свае кнігі Зьміцер Бартосік вырашыў зладзіць у Глыбокім невыпадкова. Як ён кажа, менавіта падчас вандровак у гэтыя краі прыйшло ўсьведамленьне, якія жыцьцёвыя гісторыі варта шукаць, каб іх зафіксаваць для слухачоў і чытачоў «Свабоды». І паспрыяў гэтаму глыбачанін, мясцовы дэмакратычны актывіст і цёзка Зьміцер Лупач. Яму Зьміцер Бартосік і прысьвяціў гэтую кнігу.
Спадар Лупач, вядома ж, быў запрошаны на прэзэнтацыю — і ня толькі ў якасьці гледача. Яны са Зьмітром Бартосікам і блізкія сябры, і аднадумцы. Пасябравалі даўно, і менавіта падчас супольных вандровак, гаворыць Зьміцер Лупач:
«Яшчэ ў пачатку 2000-х я ведаў Бартосіка, але як выканаўцу песень, як барда. А потым ён колькі разоў да нас прыяжджаў ня толькі выступаць, але й як адзін з аўтараў праграмы „Палітычная геаграфія“ на Радыё Свабода. У 2006-м годзе, памятаю, мы разам паехалі ў вёску Дзеркаўшчына, з таго часу наша сяброўства й пачалося. Мы тады шмат размаўлялі пра тое, што варта запісваць гісторыі, якія сыходзяць разам з людзьмі. Бо мінулае 20-е стагодзьдзе было вельмі драматычным. Багатым на падзеі. Я колькі разоў зьбіраўся, каб запісаць цікавыя аповеды землякоў, ды неяк не складалася... А ён узяўся, і атрымаўся спачатку цыкль перадач, і цяпер — кніга».
На прэзэнтацыю кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў Глыбокім прыйшлі з паўтара дзесяткі чалавек — больш, напэўна, і не зьмясьцілася ў невялікім памяшканьні, офісе мясцовых дэмакратычных сілаў.
Было вельмі цёпла — і не проста праз тое, што ў маленькім памяшканьні сабралася шмат людзей, а таму, што гэта прэзэнтацыя адбывалася ў насамрэч сяброўскім коле. Выступы, досьціпы, рогат, сьпевы пад гітару, аўтографы — усё гэта было. Пакуль — толькі ў Глыбокім. Але Зьміцер Бартосік абяцае, што прыедзе са сваёй кнігай і ў іншыя гарады.