Беларускі паэт і бард Эдуард Акулін надрукаваў верш да Дня Волі.
Верш «Жыве Беларусь!» паэт сёння змясціў у Фэсбуку.
Жыве Беларусь!
Насуперак грозным тыранам,
насуперак Злу і Мане
жывем не ў балотным тумане,
жывем не ў сляпым табуне…
Жывем, як Купала і Колас
калісь загадалі нам жыць…
Жывем без аглядкі на голас,
што зранку да ночы сіпіць:
- Прадайце Радзіму і Мову,
аддайце на здзек прыбышу
і Бога, і роднае Слова…
Прадайце святую Душу…
Я - бог, бо я ўладу вяршу!..
І нехта з нашчадкаў Іуды,
хто страхам і здрадаю жыў,
спаймаўся на д’яблаву вуду,
душу у ламбард залажыў,
не згледзеўшы нават, што цэннік
ад часу Пілата ўсё той -
трыццатнік - за брата, хоць геній,
хоць зеўрае лоб пустатой…
Ды, дзякаваць Богу, ёсць Людзі,
якіх не прадаць, не купіць,
чый Дух не скарыўся аблудзе,
каго - ні разбіць, ні спыніць!
Дык станем, браты мае й сёстры,
у шчыры і шчыльны хаўрус
і так, як Малітву, - узнёсла прамовім:
- Жыве Беларусь!