Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

З Міхалам Анемпадыставым развіталіся пад «Простыя словы»

25.01.2018 общество
З Міхалам Анемпадыставым развіталіся пад «Простыя словы»

На грамадзянскую паніхіду прыйшлі сотні людзей.

З паэтам і мастаком Міхалам Анемпадыставым развітваліся ў Мінску пад «Простыя словы» — пяшчотную песню на яго вершы. Культурны дзеяч памёр 24 студзеня ад інсульту. На грамадзянскую паніхіду прыйшлі сотні людзей, піша tut.by.

Сёння ў Мінску развітваліся з Міхалам Анемпадыставым, аўтарам вядомай пяшчотнай песні «Простыя словы».

Культурная прастора «ОК-16», што на вуліцы Кастрычніцкая ў Мінску, на некалькі гадзін ператварылася ў залу, дзе можна было апошні раз пабачыць паэта і мастака. Сюды прыйшлі каля трох соцен людзей, сярод якіх можна было пабачыць беларускіх паэтаў, мастакоў, дызайнераў, спевакоў, філосафаў.

Стаіць рок-музыка Піт Паўлаў

Міхал Анемпадыстаў - аўтар тэкстаў і канцэпцыі «Народнага альбому» — мюзікла пра жыццё даваеннага мястэчка ў Заходняй Беларусі. У альбоме прынялі ўдзел музыкі Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў.

У цэнтры — лідар гурта «Палац» Алег Хаменка

Жонка памерлага Алена Дашкевіч падзячыла ўсім, хто прыйшоў у цяжкую хвіліну:

— Учора я не была адна, заўсёды былі людзі, было шмат людзей, яны прыходзілі і дапамагалі. Міхал наш, і Міхал заўсёды будзе з намі. Вы ведаеце, колькі ў яго вучняў, колькі паслядоўнікаў. Міхал — гэта ўжо нейкі сімвал, і шмат людзей пойдуць за ім, будуць працягваць яго справу.

Жонка Міхала Анемпадыстава Алена Дашкевіч з прадстаўніком беларусаў у Іркуцку Алегам Рудаковым

Алена Дашкевіч падцвердзіла, што хвароба забрала Міхала Анемпадыстава нечакана.

— Раптоўна. Планы былі проста неверагодныя. Мы збіраліся рабіць марскі альбом (пра гэта раней распавёў музыка Лявон Вольскі. — Заўв.). Планавалі гэта яшчэ гадоў дзесяць таму і вось ён нарэшце сказаў, што збіраецца з музыкамі гэты праект рабіць… Я лічу, што ён усё-такі будзе, бо тэксты напісаныя. Музыкі зробяць, але гэта ўжо будзе як памяць. Яшчэ былі планы па кніжцы па стравах беларускіх…

Тэлевядучы Андрусь Такіндаг

Дызайнер, сяброўка памерлага Альбіна Краўэр, распавяла, што зусім нядаўна з іншымі сябрамі запрашала Міхала Анемпадыстава адзначыць стары Новы год.

— Он сказал, что с радостью бы приехал, но работает ночами. И вот он доработался… Очень устал, по всей видимости. Он вообще был перфекционист, очень тщательно все делал, с большой ответственностью, не позволял себе никакой слабины. Если дело значит дело, если отдых значит отдых. Застолий, рассказов, его шуток очень будет не хватать.

Блізкія Міхала Анемпадыстава распавядаюць, што ён трапіў у бальніцу з-за камп’ютара, за якім, здавалася, заснуў. Інсульт, памёр у шпіталі.

Мастацствазнаўца Сяргей Харэўскі

Калегі і сябры, якія бралі слова на паніхідзе, казалі пра планы Міхала Анемпадыстава, якія засталіся няскончанымі. Старшыня беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі распавёў, што без Анемпадыстава шмат якія справы стануць больш складанымі.

— Гэта быў мой бліжэйшы паплечнік, можа, адзіны з сябраў саюза, які мог без маёй дапамогі рабіць праекты. Яго будзе вельмі не хапаць. Гэта боль, пустэча… У нас быў вялікі праект, які хацелі зрабіць да 30-годдзя саюза, сабраць калекцыю сімвалаў беларускага дызайну, якія ўвасабляюць нас у свеце. Міхал распрацаваў выдатныя ўмовы дызайнерскага конкурсу. Тое, што ён не дарабіў, будзем спрабаваць дарабіць з дапамогай людзей, якія яго шануюць… Гэта выбітная фігура новай беларускай культуры. Такія універсальныя геніі ў розных галінах нараджаюцца вельмі рэдка: мастак, дызайнер, плакатыст, чалавек, які мог разважаць на розныя тэмы.

Хтосці распавядаў, што пазнаёміўся з Міхалам Анемпадыставым на «Бардаўскай восені», хтосьці - на плэнэры, нехта распавядаў, што Анемпадыстаў - рэдкі дызайнер, які, рыхтуючы дызайн вокладак для кніг, іх чытаў.

Палітыкі Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч

Выканаўца аўтарскай песні Андрэй Мельнікаў параўнаў творчасць Анемпадыстава з творчасцю Караткевіча.

— Караткевіч утвараў рамантычны свет, які на самой справе быў трошкі іншы. Напрыклад, у «Народным альбоме» погляд Міхала — рамантычны погляд ўсходніка на Заходнюю Беларусь. Так было і ў Караткевіча. Але гэта сапраўдная паэзія.

Кіраўнік беларускай супольнасці ў Іркуцку Алег Рудакоў зараз у Мінску па справах. Ён таксама прыйшоў на паніхіду.

— Я яго асабіста не ведаў, але ягоныя песні мы спяваем і ў Іркуцку. Тыя ж самыя «Простыя словы». Я лічу, што гэта вялікая страта для ўсёй беларускай супольнасці. Вельмі-вельмі шкада.

Прыйшлі развітацца з Міхалам Анемпадыставым музыкі Алег Хаменка, Лявон Вольскі, Піт Паўлаў — прадстаўнікі беларускага рок-андэграўнду, часткай якога быў і памерлы.

Хтосьці нервова паліў каля ўваходу ў будынак, хтосьці плакаў.

Сярод тых, хто прыйшоў - паэт Андрэй Хадановіч

Піт Паўлаў выйшаў да мікрафона і прызнаўся, што пачаў пісаць лірыку пад уздзеяннем паэзіі Анемпадыстава.

— Яна была вельмі лаканічная, трапная. Дзякуючы свету «Народнага альбома» адкрылася беларуская Атлантыда стогадовай даўніны, з’явілася ўся гэтая тэма, якой ён аддаў вялікую частку свайго жыцця. Магу сказаць, што мой альбом, які яшчэ недароблены, скіраваны Міхалам. Там будзе адна песня на ягоны верш.

Піт Паўлаў прыгадаў, што Міхал Анемпадыстаў ў кожнай складанай сітуацыі знаходзіў слова, якое натужную атмасферу ператварала ў жарт, ці ў лёгкі жарт, ці ў іронію, ці самаіронію.

— Адзінае, чаго нам тут сёння не хапае, — гэта самога Міхала… Зараз я паспрабую распавесці смешную байку, ягоную байку, каб разрадзіць атмасферу ў стылі Міхала. Калі мы ездзілі па працы з «Народным альбомам», мы часта сядалі побач. Заўсёды знаходзіліся агульныя тэмы… Міхал распавёў, як прыйшоў у войска. Як ведаеце, ён быў вельмі шчуплы. Такі - асаністы, годны, але зашчуплы. Але ў войску адразу ж ягоны стрыжань адчулі ўсе, у тым ліку каўказцы. І калі яны накінуліся на аднаго з беларусаў, нечакана ён, самы малады, самы нямоцны фізічна, выступіў у абарону і знайшоў словы каб моцныя каўказцы пачалі яго слухаць. Самы галоўны каўказец спытаўся, хто гэта такі. Надалей, калі патрэбны быў нейкі маральны аўтарытэт з боку нашых, яго заўсёды выклікалі, не можучы вымавіць яго прозвішча: «Пусць прыдзет этат, анціфашыстаў» (атмасфера разрадзілася — у зале прабег ціхі смех)… Але ў Міхала ёсць адна рэч, самая моцная, на маю думку. Лявон прыйшоў ужо, ці не? (людзі ў зале пачалі шукаць яшчэ аднаго сябру, Лявона Вольскага). Я паспрабую зайграць песню, вы ўсе ведаеце якую. «Простыя словы, простыя рэчы».

Некаторыя праз слёзы падпявалі.

Пахаваюць Міхала Анемпадыстава на Чыжоўскіх могілках. Музыкі плануюць зладзіць канцэрт у памяць памёрлага на сорак дзён пасля яго смерці, там будуць збіраць сродкі на помнік для Міхала.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]