БНР зноўку на слыху i зноўку актуальная.
100 год БНР. 6000 рублёў за тры гадзіны сабралі беларусы на бронзавую шыльду да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У зборы грошай на краўдфандынгавай платформе «Талака» паўдзельнічала больш за 230 чалавек, распавёў «Радыё Рацыя» арганізатар збору сродкаў Глеб Лабадзенка.
– Людзі абуджаюцца, успамінаюць сваю гісторыю, карані. Вельмі файна, што ёсць такія людзі, як Павел Белавус, яны традыцыйныя рэчы – арнамент, вышыванка або БНР, рэчы, якія былі і будуць заўсёды, умудраюцца ператвараць у модныя і актуальныя, так, што ўсе хочуць да гэтага далучыцца. Як, напрыклад, гэты збор сродкаў за 3 гадзіны. І больш за тое, калі ўжо сабралі 100%, людзі працягвалі ахвяроўваць грошы, пішучы, ну як гэта мы можам не далучыцца да такой гістарычнай справы. Гэта сведчыць пра тое, што БНР зноўку на слыху, зноўку актуальная.
Шыльда да стагоддзя БНР будзе размешчаная на будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 у Менску. Шыльда ўтрымлівае надпіс «У гэтым будынку 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі». Пры гэтым як і на ранейшым узоры шыльды застанецца выява Пагоні.