Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Шантаж датэрміновага працэсу

28.11.2010 политика
Шантаж датэрміновага  працэсу

А навошта галасаваць загаддзя? Ёсць жа дакладная дата выбараў – 19 снежня.

Прыйшоў чалавек на ўчастак. Атрымаў бюлетэнь. Прагаласаваў. Дзеля чаго падымаць датэрміновы вэрхал?

Так, і ў нас ёсць асобныя выбарцы, якім без таго не абысціся. Адплывае, скажам, экспедыцыя ў Антарктыду. Або наважыўся хтосьці менавіта ў гэты дзень узысці на Джамалунгму. І нават тых, хто напярэдадні сыходзіць у планавы запой у пэўнай ступені можна зразумець. Аднак калі сабраць разам усе надзвычайныя выпадкі, атрымаецца ў выніку мізэрная колькасць тых, каму насамрэч выканаць свой грамадзянскі абавязак у прызначаны дзень ніяк не выпадае. Па ўсёй краіне гэткіх набярэцца напэўна некалькі сотняў. Няхай сабе іх будзе ўрэшце рэшт нават некалькі тысяч.

Але ж ў тутэйшай практыцы гэткі збег надзвычайных акалічнасцяў набыў маштаб неверагодны. Нібы сланы на вадапой, ломяцца да урнаў аматары датэрміновага галасавання. Стаяць у нецярплівых чэргах па бюлетэнь палкі, дывізіі. Прадпрыемствы, чые кіраўнікі бязмежна адданыя правіцелю. Рознага кшталту службоўцы, матывуючы свой энтузіязм тым, што ў дзень выбараў яны могуць нечакана апынуцца на дзяжурстве. Як у тым анекдоце – усе на адным. І не па сваёй волі яны спяшаюцца да урнаў.. Пад прымусам. Амаль што пад канвоем. Памяркоўныя зэкі сістэмы.

Убогі міт пра звыш дзевяноста адсоткаў народнай падтрымкі дыктатара з кожным годам абслугоўваць усё цяжэй. Але ж і адмовіцца ад яго ўжо немагчыма. Сістэма пачне здувацца, як праколаты мячык. Вось і даводзіцца скарыстоўваць усё больш актыўна непрыхаваны прымус, заганяць людзей на датэрміновае галасаванне.

Падчас гэтай выбарчай кампаніі ці не ўпершыню яе вынік шмат каму не падаецца прадказальным. Поспехі рэжыму ў пабудове мясцовага камунізму нават самы паслухмяны электарат не надта ўжо натхняюць. Лічбы хатняй арыфметыкі катастрафічна не супадаюць з афіцыйнымі. Незадаволенасць расце. І гэтак званую стабільнасць даводзіцца ўтрымліваць усёй сілай адміністратыўнага рэсурсу. А таму як ніколі раней давядзецца сёлета павялічваць колькасць тых, хто галасуе датэрмінова. Зусім верагодна, што паводле стратэгічных планаў будзе іх болей за траціну. Датэрміновыя бюлетэні – гэта самы надзейны выратавальны круг. У адну толькі ноч усе яны могуць ператварыцца ў чыстае золота галасоў у падтрымку дыктатара. Нават самым апантаным алхімікам такое не снілася.

Але ж як сфармаваць тую траціну? Зразумела, у авангардзе добраахвотнікаў пойдуць самыя адданыя. Службоўцы розныя. А таксама старыя і нямоглыя, якія вераць, што жывуць калі не ў сапрадным раі, то недзе ў яго ваколіцах. Далучацца яшчэ прыстасаванцы, якія ў сістэму цудоўна інтэграваліся. І тым не менш, нават пры татальнай мабілізацыі жаданая траціна ніяк не набярэцца. Аднак выйсце ёсць. Дзеля стратэгічнай перавагі на датэрміновае галасаванне мяркуецца кінуць беларускае студэнцтва.

Ужо з розных універсітэтаў даходзяць гэткія весткі. Недзе нецярплівы дэкан загадаў падначаленаму кантынгенту рыхтавацца да прэвентыўнага рэйду на выбарчы ўчастак. А дзесьці нават рэктар паспяшаўся асабіста папярэдзіць, каб пра дзевятнаццатае студэнты нават і не думалі. Там жа, як вядома, “разные бывают случайности”. Не тое дзіўна, што палохаюць. Так было заўсёды. Але проста немагчыма зразумець, як маладыя людзі паддаюцца нахабнаму шантажу.

Дзень выбараў кожнаму вядомы. Звестак пра тое, што менавіта на гэты дзень хтосьці рыхтуе плыт, каб пераплыць акіян, пакуль няма. А ў такім разе навошта студэнтам касіць пад старых і нямоглых і да скрынак імкнуцца датэрмінова? Прымушаюць? А дамовіцца паміж сабой не спрабавалі? Так, непаслухмяных тут не любяць. Аднаго непакорлівага могуць растаптаць. Але ўсіх, як даўно вядома, не перавешаюць. Тым болей, што прымус у выбарчай кампаніі караецца законам. Дык можа, дэканам, рэктарам ды іншым занадта адданым прыхільнікам нязменнага кандыдата было б варта пра тое нагадаць, калі яны такія цёмныя і пра адказнасць за адпаведныя дзеянні ніколі не чулі.

Няма нічога больш ганебнага і недарэчнага, чым студэнты, загнаныя ў калоны самага пакорлівага электарату правіцеля. І не варта сябе суцяшаць, што нічога ў тым страшнага. На першы погляд, якая праблема? Пайшлі на ўчастак. Узялі бюлетэнь. Кінулі ў скрынку. І дадому, да бацькоў. Вольны час. Нагода ўсё забыць.

Толькі не забудзецца. Нібыта дробязь. А будзе потым усё жыццё нагадваць, як аднойчы прымусілі, зняважылі, адабралі голас. Загналі ў натоўп маўклівых. І будзе тым болей крыўдна, што ўсяго праз некалькі дзён гэткія ж студэнты выйдуць на Плошчу бараніць свой выбар. Ім таксама пагражалі, прымушалі. А яны адказалі на гэта так, як прынята адказваць на прапановы непрыстойныя. Паслалі падалей.

Яшчэ не позна. Нават ідучы ў пакорлівай калоне запалоханых, не зашкодзіць азірнуцца. Дэканы і рэктары хлусілі. Нідзе ніякіх канваіраў. І кулю ў патыліцу ўцекачу ніхто не пусціць. Нікога не выключаць, калі ўсе разам. І нават мізэрных стыпендый не пазбавяць. Яны цудоўна ведаюць, што пагражаючы, учыняюць беззаконне. І баяцца адказнасці. Яшчэ болей за тых, каму пагражаюць. Уся гэта валтузня – прымітыўная афёра галоўнага баязліўца ды ягонага паслухмянага атачэння. І цяпер як ніколі іх дзікія гульні варта спыніць.

У нас ці не ўпершыню з’явілася магчымасць панылую працэдуру добраахвотнай здачы нашых галасоў ператварыць у сапраўднае свята нашага выбару. Нездарма ж з усяго свету сёння з’язджаюцца людзі да нас. Каб убачыць, як нацыя здае свой галоўны экзамен.

19 снежня, ні днём раней.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]