Каля 10-й вечара лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Правы альянс» Юрась Карэтнікаў паведаміў, што ў ягонай кватэры ператрус. Самога Юрася Карэтнікава няма дома, там маці.
Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміў актывіст Дзяніс Садоўскі. Ператрус цягнуўся амаль паўтары гадзіны ў прысутнасьці жонкі. Забралі перадвыбарчыя выступы экс-кандыдата.
Віталь Рымашэўскі знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ. Яго, як і іншых чатырох кандыдатаў ды іх давераных асобаў, падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Учынілі ператрус і на кватэры бацькоў Паўла Севярынца ў Віцебску. Невядомыя пазванілі ў дзьверы і прадставіліся супрацоўнікамі водаканалу. Пасьля таго, як ім адчынілі, яны прад’явілі пастанову пракурора Менску, распавяла маці Паўла Тацьцяна Севярынец. Людзі ў цывільным сказалі, што іх цікавіць усё, што зьвязана з 19 сьнежня. Яны забралі, да прыкладу, дзьве з паловай тысячы агітацыйных улётак за Віталя Рымашэўскага, ноўтбук і стары кампутар Севярынца, якім ён практычна не карыстаўся.
Як паведаміла жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, які таксама ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ, супрацоўнкіі КДБ спрабавалі зрабіць ператрус у гаражы маці кандыдата. Аднак маці знаходзіцца за межамі Беларусі, і яны вырашылі апячатаць дзьверы гаража да яе вяртаньня.