Каля дваццаці чалавек з тых, хто быў арыштаваны ў часе разгоне мітынгу 19 сьнежня і асуджаны на 10 сутак арышту, адпусьцілі.
Пры выхадзе ім перадалі паштоўкі з волі. Вызваленых сустракаюць з падарункамі валянтэры і сваякі вязьняў, асуджаных на большы тэрмін, якія прынесьлі перадачы, паведамляе Радыё Свабода.
Вызваленым прапануюць прававую дапамогу і грошы, каб даехаць дадому. У аднаго з вызваленых, Мікалая, рука ў гіпсе — спэцназ паламаў яе, разганяючы дэманстрацыю. Ён кажа, што рука зраслася няправільна і давядзецца пералечваць.
Пра ўтрыманьне ў турме вызваленыя асаблівых жахаў не апавядаюць. Кажуць, што найгорш было падчас разгону акцыі і затрыманьня, а таксама пазьней, калі некаторыя па 2 ночы правялі ў аўтазаках.
Апрача таго, з турмы на Акрэсьціна выехаў аўтазак. Ня выключана, што ў ім таксама ўдзельнікі дэманстрацыі 19 сьнежня.
Агулам сёньня маюць выпусьціць каля 300 чалавек з розных турмаў, у тым ліку — з турмы на Акрэсьціна, з Жодзінскай турмы, з ізалятара часовага ўтрыманьня Менскага раёну.