Кожны дзень адбываюцца допыты і ператрусы ў актывістаў дэмакратычнага руху.
Мазыр: у кватэры Аляксандра Кавальчука — даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага — супрацоўнікі КДБ праводзяць ператрус. Пра гэта сам Кавальчук паведаміў прэс-службе аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя». Ператрус пачаўся прыкладна ў 10 гадзін раніцы.
Менск: 18 студзеня ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску дапыталі Аліну Суравец, 17 студзеня — Андрэя Аляксандрава.
Віцебск: Супрацоўнікі КДБ завезьлі на допыт у абласную ўправу Ўладзімера Сіманковіча, які падчас выбарчай кампаніі працаваў у ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага.
Яўгена Сьцяпанава, які працаваў у ініцыятыўнай групе Андрэя Саньнікава, на допыт у КДБ запрасілі праз тэлефон. Як яму паведамілі, гаворка пойдзе пра падзеі 19 сьнежня ў Менску. Спадар Сьцяпанаў у той дзень зь Віцебску не выяжджаў і ў менскіх падзеях ня ўдзельнічаў.
Наваполацк: У КДБ дапыталі Яўгена Парчынскага. Гутарка з супрацоўнікам КДБ тычылася падзеяў 19 сьнежня, хаця актывіст у той дзень у Менск ня трапіў — разам зь Міколам Шахноўскім і Сяргеем Чабатаровым яго затрымалі пры пасадцы ў маршрутную таксоўку. Паводле Яўгена Парчынскага, спадароў Шахноўскага і Чабатарова ў КДБ пакуль не выклікалі. А цікаўнасьць да свае асобы ён тлумачыць тым, што ў час выбарчай кампаніі ён быў даверанай асобай Дзьмітрыя Вуса, а таксама дапамагаў у працы ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева.
Праваабарончы цэнтр "Вясна"