У харавой капэле імя Шырмы на каранавірус захварэла траціна калектыву.
У Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р. Шырмы захварэла амаль траціна калектыву. 23 артыста з 75 маюць каранавірус, паведамляе nn.by.
Замежных гастроляў у капэлы апошнім часам не было. На каранавірус артыстаў пачалі правяраць тыдзень таму — пасля таго, як адзін з калег ва ўзросце за 60 год трапіў у бальніцу і яго тэст паказаў станоўчы вынік.
«Усе хадзілі на працу, памяшканне адно, многія дабіраюцца на грамадскім транспарце, — дзеліцца адна з супрацоўніц. — Вынікаў усіх артыстаў яшчэ няма, у многіх знік нюх. У асноўным усё працякае ў лёгкай форме».
Амаль усе, хто захварэў, знаходзяцца ў самаізаляцыі і лечацца дома. Аднаго артыста з пнеўманіяй у панядзелак шпіталізавалі ў інфекцыйную бальніцу.
«Уся капэла па дамах на двухтыднёвым каранціне, як і філармонія. Штодзень тэлефануюць з паліклінікі, цікавяцца самаадчуваннем. Таксама міліцыя кантралюе прысутнасць дома праз дамафон», — расказаў муж іншай артысткі.
Кіраўніца харавой капэлы Вольга Янум пацвердзіла, што яе артысты хварэюць і цяпер на каранціне.
«Цяжкіх выпадкаў, на шчасце, няма», — паведаміла яна.
Сярэдні ўзрост артыстаў у хоры — 45 год.
У капэле наракаюць: столькі заражэнняў у іх праз адсутнасць нармальнага рэпетыторыя.
«Мы рэпетуем, як селядцы ў бочцы, пра якую сацыяльную дыстанцыю можна казаць.
У прынцыпе працэс спеву — гэта ўдых і выдых, дзіўна было б, калі б не захварэлі».