Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня»

01.05.2021 общество
«Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня»

Гісторыя гамяльчанкі Аліны Беладзедавай.

Гамяльчанка Аліна Беладзедава актыўна пратэставала пасля “выбараў” 2020 года. У выніку пераследу дзяўчына з’ехала ў ЗША, дзе плануе вучыцца на міжнароднага адваката.

«Штодзень» пагаварыў з дзяўчынай, якая працягвае верыць у будучыню Беларусі.

- Як даўно ты пачала цікавіцца грамадскім жыццём?

- Актыўна цікавіцца грамадскім жыццём я пачала пасля затрымання Віктара Бабарыкі, бо, на мой погляд, гэта быў годны кандыдат у прэзідэнты. Да 9 жніўня я займалася збольшага сваім жыццём, але пасля “выбараў”, калі ўся краіна ў жаху ўбачыла вынікі галасавання, я пачала актыўна прымаць удзел ва ўсіх пратэстовых мерапрыемствах. Калі казаць пра тое, што значыла для мяне дата 9 жніўня, то гэта была вялікая надзея, што ў нашай краіне адбудуцца перамены і, нарэшце, у экранах тэлевізараў мы ўбачым новага прэзідэнта.

- Што ты можаш сказаць пра тых людзей, якія выходзілі разам з табой на вулічныя акцыі пратэсту?

- У першую чаргу, мне заўсёды падабалася згуртаванасць нашага народа -- тое, як людзі паважалі адно аднога. Мне падабаліся нашыя пратэсты. Асабліва я захаплялася тым, наколькі моцныя духам беларускія жанчыны. Тая атмасфера, якая была, яна да гэтага часу ў маім сэрцы. Я люблю Беларусь тую, якой яна стала з 9 жніўня, калі мы ўсе сталі братамі і сёстрамі. Мы размаўлялі, гулялі, я сустрэла шмат добрых людзей. Мы не заставаліся абыякавымі да зняволеных. Мы падтрымлівалі іх так, як хто толькі мог, хадзілі ў суды, рабілі перадачкі. Гэтак жа мы ладзілі суботнікі. Мы былі адной вялікай камандай.

- Ты ведаеш каго-небудзь з тых, хто цяпер прызнаны палітвязнем?

- Так, я была знаёмая з Леанідам Судаленкам. Пасля таго, як мяне пакаралі артыкулам 23.34 КоАП, ён дапамагаў мне абскардзіць пастановы суда.

- Што можаш сказаць пра яго? Што ён за чалавек?

- Я магу сказаць пра гэтага чалавека тое, што ён разумны, справядлівы. Я дагэтуль перажываю і падтрымліваю Судаленку. Мне ўвогуле ягонае затрыманне незразумелае. Мяне выклікалі ў міліцыю як сведку па яго справе, але нічога цікавага яны ад мяне не пачулі. Я вельмі спадзяюся, што яго хутка выпусцяць. Турма -- для злачынцаў, а не для сумленных людзей. Я сэрцам спадзяюся, што ў хуткім часе справядлівасць пераможа.

- Дзе ты зараз і чым плануеш займацца?

- У дадзены момант я знаходжуся ў ЗША, вучуся ў школе англійскай мовы. Я планую ў перспектыве стаць міжнародным адвакатам.

- Ці не шкадуеш, што выходзіла ў жніўні і верасні на пратэсты?

- За свой выбар я не шкадую, паколькі ўсё роўна ў цяперашняй Беларусі няма магчымасці для самарэалізацыі. Я не бачу варыянтаў, як мне ўвасобіць у жыццё свае веды ў роднай краіне. На жаль, Беларусь, дзякуючы намаганням “улады”, адстае ад развітага свету. Нам патрэбныя перамены.

- Як мяркуеш, калі народ пераможа?

- Народ пераможа, калі ў краіне законы будуць дзейнічаць у абодва бакі, калі працоўныя спыняць працу вытворчасцяў. Я маю на ўвазе страйк працоўных. Вядома, калі “переСидент” сыйдзе ў адстаўку. Беларусь выратуе толькі гэта. Але людзі не павінны здавацца, яны павінны змагацца за нашу краіну. Мы павінны вырашаць, каму даручыць кіраваць краінай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]