Спачатку павінны быць суд і пакараньне.
Хто варты прабачэньня, а каму застаецца толькі народная нянавісьць? Складаная тэма стаўленьня да былых сілавікоў і прапагандыстаў зноў уздымаецца пасьля таго, як палкоўнік Максім Грышчанка перастаў біць людзей і сышоў са службы.
Амаль 20 гадоў ён актыўна ўдзельнічаў у разгоне мірных акцый, а потым паверыў у Бога і пайшоў пячы хлеб. Грышчанка ня быў пакараны за ніводнае са сваіх злачынстваў, але ў грамадзкім дыялёгу ёсьць гучны голас, які сьцьвярджае, што сыход у цывільнае жыцьцё — ужо дадатковая прычына, каб паважаць і ўсяляк падтрымліваць былога сілавіка.
Такія дыялёгі бесьперапынна вядуцца з 2020 году, калі былым сілавікам нават прапаноўвалі арганізаваць навучаньне, каб яны маглі працаваць у IT. Фактычна грамадзтва падзялілася на тых, хто хоча, каб злачынцы несьлі юрыдычную і маральную адказнасьць за тое, што яны зрабілі, і на тых, хто гатовы заплюшчыць вочы на мінулае дзеля веры ў лепшую будучыню.
Часьцей за ўсё я бачу такі аргумэнт: «Калі не даваць людзям другі шанец, яны ня будуць сыходзіць. Ім трэба прапанаваць нешта лепшае за тое, што яны маюць цяпер». Прыхільніцы і прыхільнікі гэтай пазыцыі спрабуюць, можна сказаць, перакупіць сілавікоў і прапагандыстаў. Яны ўпэўненыя, што, патрабуючы пакараньня за мінулыя злачынствы, мы пазбаўляем саміх сябе шанцаў на паляпшэньне сытуацыі, бо дэматывуем «кепскіх герояў» і пазбаўляем іх нават самага дробнага жаданьня пераменаў. Нібыта які сэнс пераходзіць у іншы лягер, калі ў ім будзе ня лепш, а мо яшчэ і цяжэй жыць?
У такім падыходзе я бачу дзьве прынцыповыя праблемы. Па-першае, мы зусім не спасылаемся на маральныя каштоўнасьці, а толькі апэлюем да камфорту. Гэта значыць, што ні пра якую ўстойлівасьць новых «памагатых» ня можа ісьці гаворка — як толькі рэжым зможа прапанаваць ім больш зручныя ўмовы, яны вернуцца да яго. А па-другое, мы сьцьвярджаем, што чалавек можа ўчыняць любыя злачынствы, і ўсе яны чароўным чынам адменяцца, як толькі ён ці яна заявіць, што хоча спыніцца.
Гэта татальнае адмаўленьне адказнасьці як такой. У любы момант можна сказаць «я пас», і ўсё на гэтым. Няма тут ніякай матывацыі для сыходу ад супрацы з рэжымам. Тут ёсьць толькі падтрымка пачуцьця беспакаранасьці, зь якім цяпер жывуць сілавікі. І гэтае пачуцьцё пакуль што справядлівае — яны і праўда не нясуць аніякай адказнасьці.
Калі я чую ў кантэксьце сілавікоў і прапагандыстаў, што ўсе людзі маюць права на другі шанец, адразу ўзгадваю пра палітвязьняў, забітых людзей і ўсіх тых, хто пацярпеў ад рэжыму. Ці справядліва тое, што пакуль палітвязьні працягваюць сядзець у турмах, іх так званыя судзьдзі, а таксама людзі, якія іх білі на вуліцы, і людзі, якія хлусілі пра іх у тэлеэфірах, ужо атрымліваюць свой другі шанец, міжнародную падтрымку і вандруюць?
Спачатку павінны быць суд і пакараньне, і толькі потым — размовы пра другія шанцы і прабачэньне. І нельга забываць, што прабачаць — гэта права, а не абавязак пацярпелых.
Наста Захарэвіч, «Радыё Свабода»