У Беларусі самыя сумленныя катэгорыі грамадзян становяцца галоўнымі ворагамі рэжыму.
Даўно вядома, што самыя сумленныя катэгорыі грамадзян становяцца галоўнымі
ворагамі беларускага рэжыму. Пераслед валанцёраў пасля падзеяў 2020 года здабыў
неверагодны маштаб, але насамрэч меў месца напрацягу ўсяго перыяду ўлады
Лукашэнкі. Праз арышты і эміграцыю прайшла і сям’я Марыны Гарбуз, у жыцці якой валанцёрства, то-бок дапамога, граюць вялізную ролю, піша «Новы час».
Марына Гарбуз сутыкнулася з жорнамі дзяржаўнай машыны яшчэ ў дзяцінстве, якое правяла ў дзіцячым доме. «Я ўсё сваё жыццё змагалася з дзяржавай. Трэба разумець, што дзеці з дзіцячых дамоў ведаюць пра дзяржаву ўсё, і ўсё толькі самае дрэннае», — адзначала жанчына ў адным з інтэрв’ю.
За плячыма Марыны прынамсі пяць год валанцёрскай дзейнасці. Яе муж Павел Гарбуз — валанцёр ПЦ «Вясна» — быў затрыманы 31 жніўня 2020 года па падазрэнні ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» 9-11 жніўня.
«Калі я ўбачыў, што пад'язджае машына з людзьмі ў масках, я зразумеў, што яны прыехалі за кімсьці. Але за мной? Што я зрабіў? Пісаў лісты палітвязням, даў пераначаваць Фурманавым, калі яны абвяшчалі галадоўку каля сценаў Валадаркі, валанцёрыў на Акрэсціна, хадзіў на акцыі і шэсці. Гэта ж дробязі. Але секунда — і я ўжо ў машыне, тварам у падлогу, у кайданках: «Ну што, папаўся, рэвалюцыянер?», — распавядаў Павел Гарбуз пра абставіны свайго затрымання.
Мужчына правёў у зняволенні 10 сутак — спачатку на Акрэсціна, потым на Валадарскага. Пасля выхаду на волю Павел з жонкай Марынай і двума маленькімі дзецьмі з’ехалі ў Польшчу. Журналісты паразмаўлялі з Марынай Гарбуз пра досвед сутнасць валанцёрства і досвед эміграцыі.
— Cпадарыня Марына, як бы вы сфармулявалі тое, што пабуджае людзей далучацца да валанцёрскай дзейнасці?
— Мяркуючы па асабістым досведзе і досведзе маіх сяброў, магу сказаць, што ў валанцёры ідуць тады, калі жадаюць палегчыць свой боль. Магчыма, гэта нават крыху эгаістычна. Калі жадаеш неяк сцішыць тое, што баліць, тады ідзеш дапамагаць іншым і такім чынам ратуеш сябе.
Я пачынала валанцёрскую дзейнасць з дапамогі жывёлам, але ў 2020 годзе, калі мелі месца рэпрэсіі ў дачыненні да каманды Сяргея Ціханоўскага, я далучылася да гэтай каманды і валанцёрыла там. А калі пачаліся першыя масавыя затрыманні — уступіла ў ПЦ «Вясна» і дапамагала сем’ям палітвязняў. Мы з мужам насілі перадачы, валанцёрылі на мітынгах і пад ІЧУ на Акрэсціна. Я проста рабіла тое, што магла, хоць разумела сваё бяссілле перад гэтым жахам.
— Ці выконвала валанцёрская дзейнасць тую функцыю, якую вы на яе ўскладалі, ці палягчала боль?
— Так, безумоўна. І зараз палягчае. Я працягваю падтрымліваць сем'і палітвязняў — гэта адзіны спосаб, які дапамагае не звар’яцець, не апусціць рукі. Калі бачыш чалавека, якому яшчэ горш, і разумееш, што ты ў стане яму дапамагчы, тады становіцца ясна, што ў цябе ўсё не так і дрэнна.
— Як валанцёрская дзейнасць сумяшчаецца са звычайным жыццём — з побытавымі клопатамі, з працай?
— Насамрэч, проста. Гэта ўсяго толькі пытанне прыярытэтаў. Але зараз, у эміграцыі, вядома, бывае, складана. Мы здымаем кватэру, ёсць пэўныя клопаты з дзіцячым садком і школай… А таксама з працай. Калі ў Беларусі мы мелі сваю кватэру, свой бізнес, тады тут даводзіцца згаджацца амаль на любую працу. Але і гэта не такія значныя перашкоды пры правільна расстаўленых прыярытэтах. Трэба проста памятаць пра свае мэты, пра тое, з чаго ўсё пачалося і чаму істотна гэтую справу працягваць.
— Як палітычнае валанцёрства адрознівалася ад валанцёрства ў класічным варыянце?
— Яно стала небяспечным. Наколькі ведаю, зараз у Беларусі за валанцёрскую дзейнасць мне пагражае каля 15 гадоў за кратамі. За тое, што проста дапамагала.
На мітынгі ў якасці валанцёра я часта выходзіла з дзецьмі і тлумачыла ім, што мы робім добрую, важную справу. А потым з гэтымі ж дзецьмі даводзілася бегчы ад АМАПу. У дзяцей узнікаў дысананс, патрэбна было неяк тлумачыць ім, што адбываецца і чаму за дабро тут караюць. Напэўна, гэта і было самым складаным.
— Ці можна сказаць, што валанцёры заўжды робяць тую працу, з якой не спраўляецца дзяржава?
— Вядома. У Беларусі так было заўжды. Памятаю, у 2009 годзе мы дапамагалі ініцыятыве «Ежа замест бомбаў» і ўжо тады сутыкаліся з рэпрэсіямі. Мы проста хацелі накарміць бяздомных, але і гэта забаранялася.
У Беларусі валанцёры сядзяць за кратамі, іх ініцыятывы задушаны. І толькі адзінкі працягваюць ціхую дзейнасць. Паглядзіце, як рэжым змагаецца з валанцёрскім рухам.
— Ці маглі вы калісьці ўявіць, што праз вашую дзейнасць прыйдзецца прайсці праз палітычны пераслед і з’ехаць з краіны?
— Часам у моманты, калі апускаюцца рукі, я думаю: «Як жа так, мы ж проста імкнуліся зрабіць нешта добрае!» Таму падумаць, што ўсё так абернецца я насамрэч не магла. Але ці шкадую я? Не, не шкадую. Я працягваю сваю справу і ведаю, што яны не правы, а я права.
— Як вы зараз? Ці атрымалася пабудаваць новы побыт у эміграцыі?
— Зараз, у параўнанні з тым, што адбываецца ў свеце, у нас усё добра. Мы ў Польшчы, у бяспецы, у мяне і ў мужа ёсць праца. Базавыя патрэбы ў нас закрытыя, таму яшчэ хапае моцы і магчымасці валанцёрыць.
Перад Раством мы падтрымліваем дзяцей палітвязняў, дорым падарункі. А таксама, праз праграму «Сябар сям’і» фонда «Краіна для жыцця» штомесяц дапамагаем матэрыяльна сям’і палітвязня.
Тут, у эміграцыі, вельмі страшна страціць сувязь з Беларуссю. Раней я пісала шмат лістоў за краты, але зараз яны проста не даходзяць. А калі пішаш у пустэчу, становіцца складаней. Для мяне насамрэч істотна атрымліваць нейкую зваротную сувязь. Таму калі бачыш, што падарунак дайшоў, што сям’я атрымала падтрымку, тады становіцца проста лягчэй знаходзіцца тут. У эміграцыі цяжка. У Беларусі зараз таксама цяжка.
— Звярнуліся да вашых пастоў і падалося, што апошнім часам вы моцна стаміліся ад такога маральнага цяжару. Ці так гэта?
— Так. Акрамя іншага, шмат маіх сяброў зараз у зняволенні. Марфа Рабкова, якой далі 18 гадоў, Антон Сташэўскі, які насіў перадачы… Мяне мучыць сумленне ад таго, што яны сядзяць, а ў мяне атрымалася выехаць. І так, гэта вялікі цяжар.
Да таго ж валанцёрства звычайна займае ўвесь час, гэта кругласуткавая праца без заробку. А калі ў цябе два дзіця, якія жадаюць есці, да таго ж трэба плаціць за кватэру, тады проста раздзіраешся, кідаешся ад аднаго да іншага.
У траўні гэтага года я прыняла рашэнне глабальна адысці ад палітычнай павесткі і пачаць займацца бізнесам. Такім чынам у мяне з’явіліся пэўныя сродкі, каб ужо крыху іншым спосабам падтрымліваць беларусаў, якія маюць у гэтым патрэбу.
Таму так, я вельмі стамілася. Як і ўсе. Трэба крыху адпачыць, але ніколі не забываць пра свае асноўныя мэты.