Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Надыходзячы год многае вырашыць

31.12.2022 политика
Надыходзячы год многае вырашыць

Ёсць вялікая надзея, што падзеі будуць развівацца пазітыўна для нас.

Я, мабыць, выб'юся з агульнай плыні, але ўсё ж скажу, што ў наступны год я гляджу з большым аптымізмам, чым гэта было год таму. Не таму, што чакаю ад яго нечага толькі светлага і пазітыўнага - наадварот, абсалютна відавочна, што ўсіх нас чакаюць вялікія выпрабаванні, пакуты, страты і г. д., і да т. п. Калі нават гэта, дасць бог, абміне на асабістым узроўні, то на грамадскім, агульнасупольнасным не абміне нікога. Прынамсі, калі казаць пра тых, хто не замкнёны наглуха ў сваім прыватным кокане і нічым шырэйшым не цікавяцца. Але ў маёй стужцы наўрад ці такія ёсць - не ўяўляю проста, што ім тут рабіць.

У чым крыніцы майго цяперашняга стрыманага аптымізму ў параўнанні з мінулагоднім стрыманым песімізмам? У тым, што радыкальна змянілася міжнародная сітуацыя. Пасля задушэння актыўнай фазы пратэстаў у Беларусі не ведаю, як каму, а мне стала відавочна, што ключом да зменаў у нашай краіне цяпер застаецца толькі міжнародны чыннік. Паколькі мы відавочна ў сферы ўплыву Масквы, то без яе прынамсі нейтральнай пазіцыі нічога мяняцца тут не магло і ў 2020 годзе. А пасля 2020 года нават нейтральнай пазіцыі было б недастаткова - нічога не магло тут мяняцца ўжо без свядомай нацэленасці Масквы на транзіт улады ў Беларусі, што магло б практычна рэалізоўвацца толькі ў выпадку, калі б па гэтым пытанні Пуцін дасягнуў нейкіх кампрамісаў і дамоўленасцяў з Захадам.

Да канца мінулага года стала цалкам відавочным, што нічога такога не будзе. Стаўка была цалкам зроблена на захаванне сітуацыі ў Беларусі менавіта ў такім стане. Маскву гэта цалкам задавальняла (ну яшчэ б, калі яна ўжо ведала, што ў самы найбліжэйшы час пачне вайну), а ў Захаду пры ўсім жаданні няма аніякіх інструментаў, каб на нешта істотна паўплываць у кароткатэрміновай перспектыве, калі Лукашэнку безагаворачна падтрымлівае Крэмль. Улічваючы ж, што запас трываласці ў Крамля быў вялікі (адных валютных рэзерваў колькі наскладалі), плюс энергетычную залежнасць Захаду ад яго, стабілізацыя сітуацыі выглядала вельмі небяспечнай. Гэта сапраўды магло расцягнуцца на доўгія гады, пакуль там усё згніе з сярэдзіны.

Пуцінская лютаўская авантура ўсё змяніла. Цяпер пра тое, што Расія сутыкнецца з вялікімі ўнутранымі праблемамі ў агляднай перспектыве, можна казаць не толькі гіпатэтычна - яна ўжо з імі сутыкаецца. Тое, што Захад узяў цвёрды курс на вызваленне з расійскіх энергетычных путаў і больш не лічыць Расію - прынамсі, пуцінскую, - партнёрам ні ў якой ступені - відавочна. Як і тое, што да таго, каб Украіна прайграла вайну, Захад ужо не дапусціць - і ў яго ёсць для гэтага механізмы ў выглядзе куды больш прасунутай за расійскую зброі.

Таму ўсталяванне новага сусветнага парадку, спадзяюся, не за гарамі. Якраз надыходзячы год у гэтым плане многае вырашыць. І ў мяне ёсць вялікая надзея, што падзеі будуць развівацца пазітыўна для нас. Бо той базісны пастулат, што наш будучы лёс залежыць перадусім ад развіцця міжнароднай сітуацыі, не памяняўся аніяк. Хоць «перадусім», натуральна, не азначае, што ад нас не залежыць увогуле нічога.

Карацей, слава Украіне! І жыве Беларусь!

Аляксандр Пашкевіч, «Фэйсбук»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]