Вядомы беларускі музыка, акцёр і шоўмэн Віктар Шалкевіч не верыць у канец свету, але мае спадзеў, што мы-такі дажывем да дваццаць першага стагоддзя.
Прапануе пасадзіць у журы нацыянальнага адборачнага тура “Еўрабачання” замест мэтраў падлеткаў і даць дарогу маладым. Паслухаць вядомага барда можна ў Мінску 25 лістапада, а пазнаёміцца з яго развагамі пра жыццё, творчасць і маладых — зараз, пішуць «Беларускія навіны».
Канец свету
Не, ну які канец свету? Я хатку сабе збудаваў прыемную пад Гародняй уздоўж чыгункі Пецярбург — Варшава, дык хачу ў ёй пажыць! Я не веру ў канец, вы што? (смяецца) Гэтага не можа быць! З чаго гэта?.. Мне з усёй гэтай тэорыі пра канец свету падабаецца найбольш тое, што некаторыя ўсё ж выжывуць. І маю слабую надзею, што я буду адным з тых, хто выратуецца. (смяецца)
Куды конь з капытом, туды рак з кляшнёй
Во бачыце, што ўжо робіцца! Абласны гарадзенскі тэатр лялек, у якім я працую, бярэ тэатральную прэмію, абскакаўшы сталічныя! То хіба будзе канец свету! (смяецца) Журы, мабыць, вырашыла не распыляцца: “Наце, Гродна, чатыры прэміі ды вязіце іх дадому!”. (смяецца) А што да стаўлення да ўсіх гэтых нацыянальных і іншых дзяржаўных прэмій… Ведаеце, мне здаецца, што гэта як у той показцы: куды конь з капытом, туды і рак з кляшнёй. (смяецца) Гэтыя прэміі і цырымоніі з серыі: “А давайце зробім, як усе людзі робяць!” “Ну давайце…” Калі традыцый няма, то іх трэба альбо ствараць наноў, альбо выцягваць з таго, што маем… Усе гэтыя крышталёвыя "Паўлінкі", нейкія маладзечанскія і іншыя фестывалі — усё патроху занепадае.
Дайце культуры грошы і не лезьце!
Культура патрабуе ўсё ж такога стаўлення, як ва ўсім свеце: каб ёй далі грошы і не лезлі ў тое, што ў ёй адбываецца. Гэта самае галоўнае. А Міністэрства культуры ёсць і ёсць, існуе нейкім там чынам, нешта яно там сабе робіць і робіць, справаздачы дае, людзі грошы атрымліваюць… Сапраўднаму творцу не патрэбна нейкае там упраўленне. Вось гэтае стаўленне некаторых людзей, якое вы агучылі: “Хай Міністэрства культуры не ўлазіць у творчыя працэсы, толькі іх каардынуе” — самае небяспечнае. Яно альбо павінна, альбо не павінна. Калі будзе неяк пасярэдзіне, то нічога ладнага з гэтага не выйдзе. У палітыцы няма “не ведаю” — у палітыцы ёсць альбо “так”, альбо “не”.
Акцёр двух рамантуемых тэатраў
Я — акцёр двух рамантуемых тэатраў. У Гародні наш лялечны на рамонце (я там на палову стаўкі), ды Купалаўскі, у якім я граю ў “Местачковым кабарэ”, рэстаўруецца.
Да “Еўрабачання” трэба прасцей ставіцца!
У свой час “Еўрабачанне” было конкурсам, у якім удзельнічалі тыя, хто робіць першы-другі крок на сцэне. Таму калі туды выязджала Ала Пугачова — на што яна мела надзею? (смяецца) Ясна, што ўсё ў свеце пазнаецца ў параўнанні. Толькі тады, калі мы сябе з некім параўнаем, зможам ацаніць, што мы з сябе ўяўляем. Я ніколі не прыдаваў значэння гэтаму конкурсу. У нас калі ўжо каго адпраўляюць на “Еўрабачанне”, то ўжо і святой вадой на яго пырскаюць, і нешта там яшчэ робяць: ты толькі перамажы! (смяецца) Трэба вельмі лёгка да гэтага ўсяго ставіцца — тады, можа, і нейкі вынік будзе. А то ў нас гэта нагадвае палітычную з’яву. Некалі Сталіну прыйшло запрашэнне на міжнародны піяністычны конкурс, на якое ён напісаў адказ: “Паехаць, заняць першае месца”. Паедзь — ды займі, разумееце? Але ж тады было з чаго! А зараз няма проста з чаго выбіраць, вельмі сярэдне ўсё.
Ну куды ўжо лезуць старыя дзяды “Палац”, N.R.M. на “Еўрабачанне” гэтае? Дайце вы якой-небудзь Свеце Івановай са Слаўгарада паўдзельнічаць! (смяецца) Зноў-такі: стаўцеся вы прасцей! А то там жа мэтры ў журы сядаюць! Братцы, пасадзіце вы нейкіх дзяцей — яны вам лепшага ўдзельніка выберуць!
Савецкі Саюз яшчэ не скончыўся
Самая вялікая бяда ў тым, на мой погляд, што людзі, якія маглі б займацца культурай ды сказаць слова, ад гэтага адышлі. Драбнаты нейкай панаплывала. Зараз жа ўсе могуць спяваць, нейкія вершы пісаць: “Ты мне лучшэ што красівае скажы”… Нецікава гэта ўсё. Я чалавек з дастаткова сфарміраванымі поглядамі — я лепш Баха з Гендэлем паслухаю. Наўрад ці праб’ецца што-небудзь цікавае напачатку дваццаць першага стагоддзя. Трэба, каб усё ўляглося, людзі падумалі і пачалі нешта новае ствараць. Мы жывем ў эпоху, калі ўсё замірае, памірае.
Жывем пры канцы Савецкага Саюза — ён яшчэ не скончыўся. Не скончылася нават дваццатае стагоддзе, хоць на дварэ 2012 год! Ведаеце, калі завяршылася дзевятнаццатае стагоддзе? Калі пачалася Першая сусветная вайна, роўна ў 1914 годзе, калі добрая старая Еўропа разам пачала валіцца. Тое самае і тут. Трэба нешта рабіць з гэтымі людзьмі, якія ўсё плачуць: “У савецкія часы было таннае насенне. Вярніце нам савецкую ўладу!”. Вось гэта гора. Калі ўсё гэта скончыцца, тады застанецца нешта вартае, якое можна будзе пералічыць па пальцах адной рукі — пачнецца зусім іншая эпоха. Вы яе застанеце, а я ўжо не.
Найперш трэба быць заўважным у сваёй краіне
Усе мы варымся ў адным гаршку: тут і бульба, і морква, разумееце?.. Каб нейкую вартую песню стварыць, то трэба нейкія намаганні прыкласці, высіліцца. Людзі лічаць, што калі яны пачалі спяваць па-беларуску, то гэта ўжо супер! А гэта не супер, таму што англічане па-англійску спяваюць, а палякі — па-польску. Вось гэта дэбільная рэч сярод моладзі, колькі разоў сустракаўся: а мы будзем спяваць па-ангельску, бо мы хочам зрабіць сольную кар’еру, каб нас заўважылі за мяжой. Найперш трэба быць заўважным у сваёй краіне, бо нідзе ты больш не патрэбны. Ёсць вельмі рэдкія прыклады, калі людзі зрабілі імя спярша там, а пасля вярнуліся сюды. Але закон такі: спачатку тут, а пасля там.
Няма фабрыкі зорак! Яны павінныя вырастаць самі
Я паездзіў па бардаўскіх конкурсах, паглядзеў… А ў журы ж я ніколі не сяджу — туды трэба садзіць тых, хто ўжо зрабіць на сцэне нічога не можа, а я ж яшчэ дзейсны. Быў я нядаўна на нейкім фестывалі ў Магілёве — там, апынаецца, ёсць аўтары-выканаўцы… Вось, напрыклад, песня “Моя жена разбила унитаз”. Гэта што, сацыяльны пратэст ці намёк, што ўнітаз — гэта не ўнітаз, а краіна, а жонка — то не жонка… Навошта шукаць сімвалы там, дзе іх няма?
Усё залежыць ад таго, чаго ты наслухаўся ў дзяцінстве. Калі табе патрапілася нейкая сур’ёзная музыка, ты потым на яе аснове напішаш нешта новае. Калі глядзіш на старэйшае пакаленне музыкаў — Аляксандра Вярцінскага, Аляксандра Галіча — ты разумееш, што яны вельмі адукаваныя асобы, яны самі па сабе нешта ўяўлялі. Іх жыццё выхавала і паставіла на сцэну, у адрозненні ад тых сучасных маладзёнаў, якія пруцца на сцэну. Няма фабрыкі зорак, няма! Зоркі павінныя вырасці самі па сабе.
Людзі без крывой галавы
Мне зараз прасцей жыць, бо я нічога не гляджу. Нічога не слухаю, мяне не цікавяць ніякія дыскусіі ў тэлевізары. Можна час ад часу ўключыць у радыёпрыёмніку канал “Культура”, паслухаць, як там цудоўна чытаюць Рэмарка, Элізу Ажэшку… Па тых, хто агучвае гэтыя творы, бачна, што яны — нармальныя людзі, без крывой галавы, з нармальным напаўненнем на верхніх паверхах.
У мяне ёсць усё!
Ведаеце, гэта, мабыць, парадаксальна, але ў мяне ўсё ёсць, я нічога не хачу. Я нікому не зайздрошчу — і гэта самае лепшае. У мяне ёсць любімыя пласцінкі, кнігі, сапраўдныя сябры, сям’я, у мяне котка нават ёсць! Хата, лес, па якім бегаюць вавёркі. Мне цікава назіраць за людзьмі, як яны сябе паводзяць у розных сітуацыях. Ёсць штучнае нібы жыццё, якое мы ствараем сабе, чытаючы глянцавыя часопісы, а сапраўднае жыццё — іншае! І я гэтае іншае жыццё вельмі люблю, прымаючы ў ім нейкі чынны ўдзел.
Дарэчы
25 лістапада ў 19.00 Віктар Шалкевіч выступіць з новымі і старымі лепшымі песнямі ў Палацы культуры імя Н.Ф.Шарко (вул. Уральская, 3). Даведкі па тэл. (029) 649-08-88, (033) 309-11-37. Квіткі можна набыць у пераходзе на станцыі метро "Плошча Якуба Коласа", у касе ДК МТЗ, касе к/з "Мінск".