У нашым грамадстве інтэлектуалы маюць адмысловую ролю: яны не кіруюць працэсам -- яны яго адсочваюць. Адсвяткаваў сваё 10-годдзе першы беларускі экспертны праект -- аналітычны сайт «Наше мнение». Ці маюць эксперты ды аналітыкі ўплыў на беларускую рэчаіснасць? Пра гэта гутарка ў праграме «Размова Жбанкова» з кіраўніком праекту Анатолем Панькоўскім.
Паміж расейскім газам -- і патрабаваннямі Захаду. Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч на прэс-канферэнцыі да 3-годдзя свайго абрання спрабаваў удакладніць далейшы курс развіцця краіны. Але, адзначаюць эксперты, палітыка Украіны працягвае грунтавацца на неспалучальных супярэчнасцях, а сітуацыя з правамі чалавека стала нават горшая, чым у Беларусі.
У Венесуэле ўсё больш шырацца чуткі пра смерць кіраўніка краіны. Цяжка хворы Чавэс, паводле афіцыйнай інфармацыі, змагаецца за жыццё. А паводле непацверджаных звестак, яго ўжо адключылі ад апаратаў штучнага жыццезабеспячэння. Чаму ў аўтарытарных краінах улады часта хаваюць рэальны стан здароўя правадыра?
Чарговы разнос чыноўнікам, загад спыніць вольнае коштаўтварэнне і стрымаць інфляцыю. На паседжанні Савету Міністраў Аляксандр Лукашэнка, які некалі працаваў у турме, прызначыў і "смотрящего" ва ўрадзе. Ім стаў віцэ-прэмер Пётр Пракаповіч. Дарэчы, слова "смотрящий" не мае беларускага адпаведніка, яно абазначае крымінальніка, які кіруе ў турэмнай камеры. Чаго чакаць у сувязі з гэткім раскладам?