Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вярнуць беларускага героя

24.08.2014 общество
Вярнуць беларускага героя

У Грушаўцы, што пад Ляхавічамі, прайшоў фэст сучаснага мастацтва ДАХ-XXV «Вяртанне».

Фестываль прысвечаны памяці Тадэвуша Рэйтана, чыё імя ва ўсім свеце лічыцца прыкладам шчырага і нязломнага патрыятызму. Грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ, пасол ад Наваградскага ваяводства на сойм 1773 года, ліцьвін-патрыёт Тадэвуш Рэйтан, разам з наваградцам Самойлам Корсакам і мінчанінам Станіславам Багушэвічам-Мінькоўскім, мужна супрацьстаяў Першаму падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Тадэвуш Рэйтан, як піша, напрыклад, Вікіпедыя, ёсць нацыянальным героем Беларусі і Польшчы. Што да Польшчы – так, барацьба да апошняга на так званым падзельным Сойме і драматычнае яго завяршэнне зрабілі Рэйтана сапраўды адным з сімвалаў супраціву расійскай, перш за ўсё, агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай. Што тычыцца Беларусі, то імя Тадэвуша Рэйтана толькі на шляху вяртання ў пантэон нацыянальных герояў, пишет eurobelarus.info.

22 сакавіка 1773 года Тадэвуш Рэйтан быў абраны паслом на Сойм 1773—1775, дзе планавалася зацвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Ён, разам з пасламі ад Наваградскага павету Самойлам Корсакам і ад Мінскага павету Станіславам Багушэвічам-Мінькойскім, спрабаваў сарваць Сойм, каб не дазволіць зацвярджэння падзелу Кароны.

Чатыры дні Рэйтан разам з аднадумцамі зрывалі пачатак Сойму праз патрабаванне выканаць закон - паседжанне паводле чаргі мусіла праходзіць у Гродне, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць прадстаўнік Вялікага Княства Літоўскага, а не паляк. Калі ўгаворы прарасійскі настроеных паслоў не далі рады, Рэйтану былі прапанаваныя грошы, вялося пра спробы замаху на жыццё. Найбольш драматычны характар падзеі набылі ў часе патрыятычнай прамовы Самойлы Корсака, які выкрываў паслоў-здраднікаў. Тыя паспрабавалі выйсці з залі, але Тадэвуш Рэйтан лёг крыжом перад выхадам і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!». Дзеянні паслоў ВКЛ зрывалі планы расіцаў, таму на наступны дзень расійскі амбасадар Штакельбэрг выставіў каралю і вялікаму князю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму ўльтыматум: альбо згода на падзел, альбо ўвядзеньне ў Варшаву 50-тысячнага расійскага войска.

Пра тое, што Тадэвуш Рэйтан яшчэ толькі ідзе да беларусаў, сведчыць і адсутнасць хаця б вуліцы ў ягоны гонар у тых жа Ляхавічах, што ў трох кіламетрах ад роднай яму Грушаўкі.

Але надзея на тое, што сітуацыя пераменіцца, ёсць, кажа Зміцер Юркевіч, валанцёр, каардынатар арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і дасведчаны «рэйтаназнаўца».

- Чытаў даволі даўно пра Рэйтана тое нешматлікае, што ёсць. А тры гады таму выпадкова даведаўся, што сядзіба Рэйтанаў выстаўлена на таргі – яна была ў спісе маёнткаў, якія могуць быць набытыя любой асобай. І мяне гэта раптоўна вось чамусьці зачапіла і зачапіў таксама артыкул у баранавіцкай газеце «Intex-Press» пра ганебны стан сядзібы, якой уладарыла такая славутая асоба як Тадэвуш Рэйтан, - распавёў у інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» Зміцер Юркевіч. - Пачаў шукаць нейкую інфармацыю пра яго – было некалькі артыкулаў, але ў большасці сваёй яны пераказвалі звесткі, пададзеныя раней. Я не ўбачыў Рэйтана, я ўбачыў пафас, але не асобу і фактычныя даты хаця б. І тады я зразумеў, што трэба пачынаць з самага пачатку – ісці ў нашы архівы, калі пашанцуе – і ў польскія таксама, шукаць метрыкі хросту, смерці, займацца радаводам, ствараць жыццяпіс па гадах, а не пераказваць папулярныя версію.

Як кажа Юркевіч, «за працай зразумеў, што ўсё, на жаль, пастаўлена з ног на галаву».

- Тадэвуш Рэйтан быў ужо ў пятым калене ліцьвінам – яго продак Ян Рэйтан у 1639 годзе лёг у нашу зямлю. Ян Рэйтан быў першым прадстаўніком гэтага прускага роду, які патрапіў сюды на службу да Жыгімонта Караля Радзівіла, нашага мальтыйскага кавалера. І гэты Рэйтан заклаў ліцьвінскую галіну роду. Пра Польшчу казаць не выпадае, бо на той час Прусія была Прусіяй, то бок не часткай Кароны. Заўважу, што і тут, на нашых землях пра дамінаванне Польшы казаць не выпадае - нават пасля Люблінскай уніі, паводле прынятага Львом Сапегам статута, іншаземцам, у тым ліку палякам, забаранялася набываць ва ўласнасць зямлю ў межах ВКЛ і займаць пасады. І гэта забарона дзейнічала ажно да 1793 года.

Па словах даследчыка, «калі зразумеў, што Рэйтан – наш, то прыйшло і разуменне таго, што такую выключную асобу трэба вяртаць – і як мага хутчэй».

- Мне падаецца гэта вельмі істотным, бо беларусам бракуе такіх герояў, такіх прыкладаў служэння Айчыне. Той жа Касцюшка сам казаў, што нарадзіўся ліцьвінам, але за тое, што ён кіраваў паўстаннем у Кароне Польскай, яго аўтаматычна далучаюць да герояў выключна польскай гісторыі.

На думку Змітра Юркевіча, «каб аднавіць сядзібу (а колькі тых занядбаных сядзіб па Беларусі!), трэба вярнуць, трэба давесці да шырокай грамадскасці неабходнасць вяртання імя Рэйтанаў, бо там не толькі Тадэвуш, там і іншыя выбітныя асобы былі – той жа Станіслаў Рэйтан, пісьменнік, якога мы таксама вяртаем».

Таму ў сакавіку 2013 года і была створана арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.

- Яна ставіць мэтай вяртанне імён рода Рэйтанаў і, па меры магчымасцяў, апякуемся матэрыяльнай спадчынай рода – і не толькі грушаўскай, ёсць жа яшчэ маёнтак Усава. Што праўда, ад яго засталіся толькі капліца і маляўнічы стаў. Была думка паспрабаваць набыць сядзібу ў Грушаўцы за адну базавую велічыню і стварыць тут арт-цэнтр. Але ў мяне і маіх аднадумцаў за гэты год з'явілася перакананне, што сядзіба павінна заставацца ў дзяржаўнай уласнасці. Толькі так – дзяржаўны музей, моцны культурны цэнтр, які выйдзе на адзін узровень з Нясвіжам, Мірам, Косава.

Юркевіч падкрэслівае, што «нельга даць набыць сядзібу замежнікам – гэта ж ганьба, што святыня Беларусі можа быць прададзена асобе, аніяк не абцяжаранай нейкай там спадчынай нацыі».

- Далей гатэля ці казіно, мяркую, думкі інвестараў-бізнесменаў не пойдуць. А пра сядзібу Рэйтанаў можна шмат чаго распавесці наведвальнікам – тут вяліся палітычныя дыскусіі-нарады паміж Радзівіламі і іх супернікамі, тут знаходзілі прытулак ветэраны шматлікіх войнаў, гасцілі навукоўцы, мастакі – нездарма казалі, што дзверы дома Рэйтанаў ніколі не зачыняюцца. Апошнія Рэйтаны, што не мелі дзяцей, напачатку ХХ стагоддзя бралі сюды на выхаванне дзетак, адчынілі школы ў Ляхавічах і Канюхах. Распавядаць можна шмат, але, на жаль, тэма вяртання Рэйтанаў не надта шырока яшчэ гучыць у Беларусі. Але, тым не менш, нават такія мінімальныя рухі, што можа рабіць наша арт-суполка, выклікаюць патроху цікавасць.

Суполка мае дазвол на супраць-аварыйныя працы ў сядзібе.

- То бок падтрымліваем стан сядзібы, хаця, насамрэч, гэта абавязак дзяржавы. Але мы бачым, што ў дзяржавы рукі да гэтага не даходзяць, не хапае грошай у мясцовых уладаў – і мы скідваемся, набываем рубероід той жа самы, яшчэ нешта... Гэта ўсё, канешне, дробныя рэчы, якімі кардынальна сітуацыю не зменіш – трэба, каб дзяржава на больш высокім узроўні, чым выканкам, тэрмінова звярнула ўвагу на гэту сядзібу. Яна - статусная. Ну вось за сядзібу Напалеона Орды ўзяліся, маёнтак Жукоўскага ў Пружанах, сядзібу Нямцэвіча ў Скоках – то бок усё ж ідуць перамены.

Фэст праводзіўся ў другі раз. Гэтым разам да ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана былі запрошаныя музыканты, мастакі, паэты і кінарэжысёры з Берасцейшчыны і Міншчыны. У фестывалі бралі ўдзел: Ганна Мязга (Пружаны), народны хор ветэранаў вайны і працы «Сівізна» (Ляхавічы) , Віктар Сямашка (Мінск), Раман Яраш (Мінск), PAVEL AMBIONT (Мінск) , іmprum (Мінск), Капела Алеся Лася (хутар Барок-Мінск) і іншыя.

Удзельнік фэсту пабачылі буйны графічны праэкт «Гісторыя роду Рэйтанаў» мастакоў і арганізатараў фэсту Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, дакументальныя фільмы «Тадэвуш Рэйтан: беларускі Дон-Кіхот» (праект АНТ), «Апошняя з роду» (прысвечаны Аліне Рэйтан, рэж. А.Ясінская).

Да 25 жніўня на тэрыторыі сядзібы праходзіць мастацкі пленэр, працы з якога будуць выстаўлены на мастацкай выставе прысвечанай Тадэвушу Рэйтану, якая адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе ў Нацыянальнай бібліятэцы.


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]