Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пяць плюсаў і пяць мінусаў Андрэя Саннікава

20.03.2010 политика
Пяць плюсаў і пяць мінусаў Андрэя Саннікава

Андрэй Саннікаў заявіў пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Што можа прывабіць выбарцаў у гэтым кандыдаце? І, наадварот, адштурхнуць? Аналіз «Нашай Нівы».

1. Рашучасць

+

Андрэй Саннікаў не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах проста дзеля птушачкі. На карту пастаўлена зашмат. Ніякай лаяльнасці ці абыякавага стаўлення ад уладаў Саннікаў чакаць не можа — будуць біць. Пачалі біць ужо цяпер. Нядаўна палітыка і яго жонку, вядомую журналістку Ірыну Халіп, дапыталі па справе аб паклёпе на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

Калі ёсць у Беларусі радыкальная апазіцыя, дык гэта якраз атачэнне «Хартыі‑97». Палітык увесь час цвёрда выступаў за працяг эканамічных і палітычных санкцый супраць беларускага кіраўніцтва, пакуль у краіне не ўсталююцца дэмакратычныя свабоды. З аднаго боку, пазіцыя Саннікава ясная для выбарца. З іншага — празмерная радыкальнасць можа некага адштурхнуць.

2. Людзі

+

«Еўрапейская Беларусь». За Саннікавым стаіць актыўная і рашучая моладзь. «Гэта адзіны кандыдат, які будзе працаваць на перамогу», — кажуць хлопцы з «Еўрапейскай Беларусі». Частка з іх прайшла праз школу ўжо легендарнага «Зубра». «Еўрапейская Беларусь» першая на ўсіх вулічных акцыях апазіцыі. На іх раўняюцца іншыя. Такія людзі і робяць выбарчыя кампаніі.

Адсутнасць якой‑небудзь палітычнай структуры. Казулін перад тым, як пайсці на выбары ў 2006 годзе, узначаліў Беларускую сацыял‑дэмакратычную партыю. У Саннікава партыі ці іншай арганізацыі няма. Праўда, за ім стаіць старэйшае пакаленне сяброў Партыі БНФ на чале з Баршчэўскім, Вячоркам, Івашкевічам, ды першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

3. Інтэрнэт

+

Раскручаная інтэрнэт‑старонка. Саннікава будзе падтрымліваць адзін з найбольш папулярных інтэрнэт‑рэсурсаў — charter97.org. Сайт «Хартыі‑97» мае 32 тысячы сталых наведнікаў. А перад выбарамі гэтая колькасць яшчэ вырасце на хвалі росту палітычнай актыўнасці.

Нават у апазіцыйных асяродках «Хартыя‑97» мае не самую лепшую рэпутацыю. Часта можна пачуць, што гэты партал называюць за падачу матэрыялаў «БТ наадварот», а таксама крытыкуюць за цэнзуру чытацкіх выказванняў у каментарах. На «Хартыі» ж кажуць, што гэта дысцыпліна.

4. Кар’ера

+

Дыпламатычная кар’ера. Андрэй Саннікаў прайшоў выдатную дыпламатычную школу. Яшчэ за савецкім часам працаваў у беларускім прадстаўніцтве ААН у Нью‑Ёрку. Быў дарадцам місіі ў Жэневе. У 1995 годзе Андрэй Саннікаў быў прызначаны намеснікам міністра замежных справаў. Сам палітык кажа, што яму не сорамна згадваць пра той час, бо ўсё, што ён рабіў, рабілася дзеля ўмацавання беларускага суверэнітэту.

Беспрацоўны. Апошнія 14 гадоў Андрэй Саннікаў не мае сталай працы. Для выбаршчыкаў гэта будзе адным з пунктаў недаверу да кандыдата. Дзяржаўныя тэлеканалы і газеты таксама могуць учапіцца за гэты факт з біяграфіі.

5. Выгляд

+

Пасля працы на дыпламатычнай ніве ў Андрэя Саннікава засталіся добрыя сувязі за мяжой. І найперш — у ЗША. Напэўна, з усіх беларускіх палітыкаў ён найчасцей робіць працоўныя паездкі ў Вашынгтон. Ён мае кантакты ў Дзярждэпартаменце. У спадчыну ад дыпламатычнай працы ў Саннікава засталося добрае разуменне міжнародных палітычных працэсаў і досыць цэласнае бачанне бягучай сітуацыі ў краіне і свеце, якога бракуе многіх іншым яркім асобам у апазіцыі.

Непрывабны выгляд. Густая барада і сутуласць не дадаюць іміджу Саннікава плюсаў. Але ад «хартыйцаў» можна чакаць яркіх і запамінальных крокаў. Таму магчымасці, што перад выбарамі Саннікаў паўстане ў новым выглядзе, выключаць не даводзіцца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]