Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Знак пераменаў

01.10.2010 политика
Знак пераменаў

Яны ўжо вам сустракаліся? У непагадзь, пад пранізлівым ветрам стаяць тыя людзі на вуліцы, чакаючы нашай увагі.

Не рэкламку раздаюць. Не білецікі спортлато распаўсюджваюць. Іх праца куды больш няўдзячная і нялёгкая. Яны збіраюць подпісы ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты.

Да гэтых выбараў дзеючая ўлада паставілася з неверагодным цынізмам. Бачна ўжо цяпер, што яна не збіраецца рызыкаваць крэслам гаранта чынавенскага дабрабыту. А таму зноў паспрабуе правесці кампанію па тым сцэнары, які дазваляе ў фінале абвесціць звыклыя лічбы. Нязменны прэтэндэнт на чарговы тэрмін паспяшаўся запэўніць выбарцаў, што ключы ад перамогі – у іх кішэнях. Усё так. Але гаспадары жыцця упэўнены, што да запаветнага снежаньскага дня паспеюць непрыкметна памяняць замкі.

Ужо сёння яны спрабуюць расказваць свету казкі пра свой бязмежны лібералізм. Гэта ж не жарты – зарэгістравалі амаль усіх, хто вылучаўся. Ажно семнаццаць кандыдатаў. Задума простая: найбольш небяспечны для ўлады згубіцца ў натоўпе. Незразумела толькі, чаму пры такой паблажлівасці не зарэгістравалі санітарку. Не набрала ў ініцыятыўную групу неабходных сто чалавек? Знайшлі праблему! Вунь у выбарчым заканадаўстве чорным па белым прапісана, што спісы ініцыятыўнай групы ў ЦВК кожны патэнцыйны кандыдат здае асабіста. Але адзін з іх дазволіў сабе выключэнне – паслаў падначаленага. І нічога, зарэгістравалі. А калі парушэнне дазволена аднаму, чаму забаронена іншым? І хто сказаў, што санітарка будзе кіраваць горш за кухарку?

Па нейкіх другасных пытаннях улада сапраўды можа пайсці на саступкі. Аднак пра тое, каб уключыць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі ды больш празрыстым зрабіць падлік галасоў, нават слухаць не хоча. Інфармацыйна-аналітычны цэнтр найвышэйшай адміністрацыі паспяшаўся нават абвесціць лічбы электаральнай падтрымкі нязменнага прэтэндэнта – 84 адсоткі. Няйначай гэта будзе той рысай, за якую нікому адступаць не дазволяць.

І пры гэткіх нахабных захадах улады ў нас яшчэ шмат хто, нават у асяроддзі самых палітычна актыўных грамадзян, шукае нейкага пераканаўчага абгрунтавання звычайнай тутэйшай памяркоўнасці і нейкага невытлумачальнага фаталізму. Або распавядаюць заўзята пра тое, як цяжка вызначыцца з кандыдатамі. Няма інфармацыі. Нічога ж пра іх не вядома.

Ды няўжо? У век кампутараў і сучасных сродкаў камунікацыі грамадзяне еўрапейскай краіны скардзяцца на катастрафічную недасведчанасць. Знайсці ў інтэрнэце адрас гатэлю недзе за акіянам або даўно забытага аднакласніка – ніякіх праблем. А тут, калі вырашаецца лёс краіны, не могуць даведацца, хто ёсць хто.

Калі гэта і сапраўды так ўжо цяжка, стаяць жа на вуліцах зборшчыкі подпісаў. Хіба нельга да іх падысці? Пацікавіцца. Распытаць. Падумаць. Вызначыцца, нарэшце. Не толькі ж кандыдата прывабнага выбіраем. Свой лёс на бліжэйшыя пяць гадоў вызначаем. І калі зноў будзем чмыхаць носам, як у дзевяноста чацвертым, і выбар даручым вязням тутэйшага тэлевізара, зноў атрымаем тое, што маем.

Дзіўная інфантыльнасць. Няўжо не абрыдла жыць пры дзікай, разбэшчанай уладзе? Няўжо не хочацца хоць нейкіх пераменаў? Хіба не ўсе яшчэ тут зразумелі, якімі хацеў бы нас бачыць гэты рэжым?

Прыкметы рабства – не ашыйнік, не ланцуг. А ўпэўненасць, што ад нас нічога не залежыць. І вечнае чаканне, што ўсемагутны гаспадар чаго-небудзь дасць. Вольны чалавек не разумее гэткіх спадзяванняў. І ўсяго дамагаецца сам. А ў суцяшэне тым, цярплівым і памяркоўным, беларусы даўно прыдумалі прымаўку: “Чакай Пятра – сыр з’ясі”. Чакаюць…

Але надышоў іншы час. Знак пераменаў – гэтыя людзі пад дажджом. Не так проста за неверагодна кароткі тэрмін сабраць сто тысяч подпісаў. І звыш таго – на выпадак магчымай прыдзірлівасці рэгістратараў. Толькі па той бок нябачнай рысы, якая аддзяляе ўладу ад грамадства, з выбарамі ніякіх праблем. Варта толькі патэлефанаваць на прадпрыемства ці ў арганізацыю, дзе шмат людзей. І подпісаў будзе колькі заўгодна.

А тут усё інакш. Вуліца. Дождж. За столікам дзяўчына з бел-чырвона-белай стужачкай. Хлопец трымае над сталом парасон – трэба ж берагчы падпісныя лісты. Крый Божа, кропля вады на іх упадзе – ЦВК забракуе імгненна.

Хтосьці падыходзіць. Або спяшаецца прабегчы міма – так спакайней. Зборшчыкі подпісаў заўважылі ўжо ў першы дзень, што людзі старэйшыя падыходзяць куды больш ахвотна, чым маладыя. Асабліва дзяўчаты. Прадбачлівыя бацькі паспелі выхаваць памяркоўных. І як іх тут не зразумець? А раптам недзе паблізу начальнік. Або туляецца ў натоўпе дэкан.

Аднак жа і тых, хто супраць гэткага ладу жыцця, таксама выявілася нямала. Яны нічога ўжо не баяцца. Пра тое, якой павінна быць улада ў еўрапейскай краіне, ведаюць добра. З кандыдатам вызначыліся канчаткова. І выбару свайго не саступяць.

Яны ўпэўнены, што з ганебнага калгаснага палону можна выйсці ўжо цяпер. І зробяць усё, каб не даць пранырліваму рэжыму карт-бланш на чарговы тэрмін. Пяць год жыцця – рэч надзвычай каштоўная. Рызыкаваць не варта. Шчодрасць не акупіцца.

Неабходнасць пераменаў наспела даўно. Рэжым слабы і безнадзейна архаічны. Яго трымае на гэтым свеце толькі баязлівасць і абыякавасць грамадства, якое страціла веру ў свае сілы. Але час цяпер надзвычай жорсткі. Памылак не даруе. Усё, што калісьці страцілі, давядзецца як найхутчэй вяртаць. Наважыцца нарэшце на першы крок да годнага жыцця. У кожнага ёсць магчымасць ужо цяпер пачаць хаця б з малога.

Зрабіць свой выбар. І паставіць подпіс.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]