Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віктар Данілаў: «Трэба, каб служыць у войску было крута!»

21.10.2017 политика
Віктар Данілаў: «Трэба, каб служыць у войску было крута!»

Войска незалежнай Беларусі павінна быць моцным і баяздольным.

У «кінашэдэўры» ад БТ «Белы легіён чорных душаў» адна з галоўных роляў была адведзеная Віктару Данілаву, які апынуўся сярод фігурантаў «справы патрыётаў». Высокі, кароткастрыжаны хлопец з развітай мускулатурай, відаць, падаўся аўтарам «ідэальным баевіком»… Хто ж насамрэч Віктар Данілаў?

Працягваючы серыю размоваў з фігурантамі «Справы патрыётаў», «Новы час» звяртаецца найперш да асабістых гісторыяў і светапогляду, мінаючы палітыку ды абставіны справы. Сённяшні суразмоўца Віктар Данілаў дзеліцца поглядамі на педагогіку, тэатр, падарожжы, а таксама разважае пра варыянты аптымізацыі беларускага войска.?

«Як мяне вылавілі скаўцкім гальштукам…»

Дваццаць гадоў таму Віктар далучыўся да скаўцкага руху, дзе дух ды інтэлект павінны абавязкова спалучацца са здаровым целам — гэта тыя прынцыпы, якія Данілаў нясе праз усё жыццё.

— Як ты далучыўся да скаўцкага руху?

— Я трапіў у скаўцкую суполку ў 1997-м, маючы гадоў дзесяць.

— Як трапіў? Проста злавілі на вуліцы?..

— Ага, вылавілі скаўцкім гальштукам (смяецца). Дарэчы, у адрозненне ад піянерскага, скаўцкі гальштук можна выкарыстоўваць у побытавых мэтах — прыціснуць рану, наматаць на руку ды ўзяць кацялок і г.д. Піянерскім гальштукам такога рабіць нельга, бо «прыйдзе ў сне Ілліч ды накруціць вушы» (смяецца). Скажу, што не ўсё зразумеў адразу: методыку, мэты скаўтынгу… Для мяне гэта было наўпрост крута! Гойсаць па лесе ў тым узросце, калі па ТБ круцілі фільмы пра Рэмба — гэта неймаверна!

— Дык а што такое для цябе скаўтынг?

— Скаўтынг — натуральны шлях развіцця гарманічнай асобы з мэтай выхавання грамадзяніна. Дзякуючы часу, які чалавек праводзіць у камандзе, ён узрастае як асоба, удасканальваецца, атрымлівае карысныя веды і проста цікава бавіць час. Не хочацца паўтараць банальных фразаў пра альтэрнатыву «бадзянню па падваротнях, наркаманіі» — гэта і так зразумела. Наўпрост, скаўтынг — гэта прыгода, а для любога мужчыны прыгода — гэта важна, асабліва ў такім узросце (кар’ера хлопчыка ў скаўтынгу пачынаецца ад 6 гадоў, калі ён можа стаць «ваўчком», дзяўчынка — «вавёркай». — рэд.).

— Гарманічная асоба — што гэта значыць?

— Па-першае, гэта дух: перамога над страхамі і комплексамі. Па-другое, фізічнае развіццё, якое патрэбна для паўсядзённага жыцця. Праз фізічныя выпрабаванні — вандроўкі і летнікі — чалавек разумее, што такое палявое жыццё. Мы вырываемся з гораду, дзе добра, калі за дзень зробіш 5 000 крокаў, і занураемся ў лес, дзе нас атачае вялікая, часам, непрыязная прастора, выжываем. Акрамя гэтага ёсць выхаванне асобы праз дапамогу іншым і сумесную працу.

З чаго пачынаецца скаўцкі звяз (3–5 чалавек. — рэд.)? Дзеці збіраюцца і вырашаюць: ім патрэбен вымпел, сцяжок звязу. Яны не могуць узяць на яго грошы ў бацькоў, так не павінна быць, трэба зрабіць самастойна альбо зарабіць грошай і папрасіць зрабіць таго, хто можа. Як? Здаць макулатуру, палоць агароды, мыць машыны, усё, што заўгодна, — але самі. Сэнс у тым, каб дзеці прызвычайваліся да самастойнасці.

— То бок, гэта элемент сацыялізацыі і квіток у дарослае жыццё?

— Менавіта. Я бачыў, як дзейнічалі шасцігадовыя хлопцы, якім патрэбен быў сцяжок. На гэта ёсць дзень, што рабіць? Яны ўчацвярых цягалі бабулям у вёсцы 10-літровыя вёдры з вадой. Пілавалі трэскі, якія я паламаў бы рукой, але ім па 6 гадоў — пілуюць, стараюцца!

Пасля, атрымаўшы ад бабуляў капейчыну, яны куплялі ніткі і тканіну, самі шылі, усё атрымлівалася крыва-коса, але — ад душы, па-сапраўднаму! Я бачыў, напрыклад, вельмі прыгожа вышытыя скаўцкія хусткі — гэта творы мастацтва, бо дзеці ўкладаюцца ў гэта. Менавіта таму скаўтынг — гэта шлях да сацыялізацыі і разумення: «Мы можам самі, самастойна, але — разам!»

«Скаўтынг — гэта стан душы»

— Зараз псіхолагі канстатуюць, што хлопцы да 25–30 гадоў часцяком застаюцца інфантыльнымі. Магчыма, так ёсць акурат праз недахоп у педагогіцы тых элементаў, на якія робіць упор скаўтынг?

— Згодны, бо галоўная мэта скаўтынгу — зрабіць з чалавека трывалую асобу, развітую духоўна, разумова і фізічна. Ёсць шмат накірункаў — скаўты-вандроўнікі, скаўты хрысціянскага накірунку, скаўты-карацісты і нават скаўты-самотнікі, не завязаныя з канкрэтнымі арганізацыямі. Кожны можа выбраць. Цікавая рэлігія? Развівайся гэтым шляхам. Цікавыя вандроўкі, прыгоды, скачкі з парашутам — іншы адпаведны накірунак і г.д. Выбар ёсць — было б жаданне. Гэта вельмі цікава, але складана.

— У чым складанасць?

— Вельмі цяжка прымусіць сябе ўстаць суботнім ранкам пасля працоўнага ці навучальнага тыдня, узяць заплечнік і пайсці з сябрамі ў складаную вандроўку. Калі ты ведаеш, што ты пройдзеш не 2 кіламетры, каб пасля сесці на крэсла, піць піва і глядзець на возера, а 20 альбо 40 кіламетраў, стомішся, прамокнеш, але ты гэта зробіш. Гэта тое выпрабаванне, якое варта прайсці, каб стаць лепшым.

— Я так разумею, што скаўтынг прывівае яшчэ і патрыятызм: падчас вандровак ты спазнаеш свой край — не па кніжках, а ў жывую…

— Безумоўна. Калі пачынаеш вандраваць па Беларусі, ты разумееш, колькі ў нас усяго цікавага! Палацы, замкі, цэрквы-крэпасці, пушчы, азёры, фантастычныя краявіды… Скаўт заўсёды з’яўляецца патрыётам, пры гэтым усе скаўты браты.

— Нават з розных звязаў і арганізацыяў?

— Нават з розных краінаў. Я ведаю, што калі прыеду да сваіх сяброў-скаўтаў у Польшчу, то мяне пусцяць пераночыць, накормяць. Адпаведна, калі яны прыедуць, я іх сустрэну. У нас адзін шлях, вектар на сяброўства, без градацыі па колеру скуры, нацыянальнасці і г.д. — важныя толькі твае ўнутраныя якасці.

— Да якога ўзросту ты займаўся скаўтынгам?

— Скаўтынг — гэта стан душы, скаўтам можна быць на працягу ўсяго жыцця. Апошнія 10 гадоў я па магчымасці дапамагаў маладым людзям зразумець сэнс і накірунак скаўтынгу, раіў, да каго звярнуцца, каб з карысцю бавіць час, бо, як я казаў, гэта цудоўнае хобі і адпачынак.

«Выбіраеш маршрут паскладаней і ідзеш…»?

— Са скаўтынгам выдатна спалучаецца тваё захапленне турызмам?

— Так, з той агаворкай, што ад сур’ёзных вандровак пакуль давялося адмовіцца, бо ўвесь рыштунак канфіскавалі ў рамках справы… Спадзяюся, гэта часова, усё вернуць. Для мяне турызм — гэта адпачынак, хоць і цяжкі адпачынак: часам, цяжэйшы за працу (смяецца). Выбіраеш маршрут паскладаней і ідзеш. Пасля такога адпачынку вяртаешся, а ў цябе ногі ў мазалях. Пры гэтым, унутрана ты адпачыў.

— Вандраваць лепш аднаму альбо ў добрай кампаніі?

— Заўжды можна знайсці такіх жа апантаных людзей ды ісці разам. Шмат з кім, хто праходзіць зараз па «Справе патрыётаў», я пасябраваў акурат на глебе турызму. Разам хадзілі ў падарожжы, сплаўляліся па рэчках, падымаліся ў горы, займаліся дайвінгам і г.д. Калі казаць пра дайвінг, то для мяне было сапраўдным адкрыццём дыханне ў апараце — аказваецца, так можна!

Ёсць шмат клубаў, дзе ўсё пакажуць, навучаць, і гэта будзе значна цікавей, чым сядзець дома і клацаць па клавіятуры кампутара. Такіх уражанняў няма ў інтэрнэце: можна тысячы разоў праглядаць фільмы альбо запісы з камераў GoPro, як нехта караскаецца на скалу, але пакуль сам не паспрабуеш, то і не адчуеш. Калі вісіш на скале, а пад табой 15 метраў, а ўнізе вострыя ўломкі той самай скалы — гэта ваў! Ты залез, ты гэта здолеў.

На сцэне быў Гарацыё ды… далакопам

— Сярод тваіх захапленняў яшчэ і тэатр: як так сталася?

— Тэатр палюбіў дзякуючы Таццяне Алегаўне Шылавай, выкладчыцы нашай гімназіі, якая стварыла яшчэ ў 1990 годзе тэатр-студыю «Клас А!», дзе я выконваў некаторыя ролі: не скажу, што паспяхова — мне проста было цікава… Калі кажуць, галоўным з мастацтваў для нас з’яўляецца кіно — гэта хлусня. Тэатр!

— Чаму тэатр?

— Бо ў тэатры няма другога дублю. Ёсць канкрэтны момант — і вы яго пражываеце. Усё адбываецца тут і зараз ды не паўторыцца з дакладнасцю ніколі зноў: кожная пастанова — гэта асобная гісторыя, асобнае перажыванне.

— Якія ролі ты выконваў, у якіх пастановах граў?

— Мая ўлюбёная п’еса — «Гамлет на чвэрць гадзіны», твор Тома Стопарда. Справа ў тым, што Шэкспір вельмі шматслойны, яго можна інтэрпрэтаваць безліч разоў. Але сучаснаму чалавеку вельмі цяжка глядзець «Гамлета», які доўжыцца 4–6 гадзін — традыцыйную пастаноўку. Трэба быць моцна падкаваным у гісторыі і культуры. А Стопард вырашыў, што можна выкінуць усё другаснае і пакінуць асноўны «мэсэдж». І мы з Таццянай Алегаўнай паставілі гэты твор.

Там у мяне было некалькі другасных роляў, галоўныя ніколі не давяралі (смяецца). Роля капітана карабля, на якім Гамлета вывозяць, там словаў не было. Роля далакопа: «Хто будуе крапчэй за муляра ці плотніка? Далакоп, бо ягоныя дамы прастаяць да другога прышэсця!» Таксама роля Гарацыё і… яшчэ нешта. Усім раю пачытаць гэтую п’есу.

— А зараз ходзіш у тэатр?

— Канешне. Для мяне ў мінулым годзе было адкрыццём, калі паехаў у Вільню, убачыць «Ганну Карэніну» ў пастаноўцы Літоўскага драматычнага тэатру ад рэжысёра Анжэлікі Холінай. Гэта пластычны спектакль. У Беларусі ёсць агромністая колькасць таленавітых актораў і рэжысёраў, але пасля «Карэнінай» я зразумеў, што ў нас так пакуль не могуць. У Холінай ёсць некалькі цудоўных пастановаў. Усім раю, бо гэта космас! Я не ведаю, як апісаць.

З беларускіх, канешне, наш цудоўны Купалаўскі тэатр. З захапленнем стаўлюся да Віктара Сяргеевіча Манаева — найталенавіцейшы актор: няма пастаноўкі за апошнія 35 гадоў у Купалаўскім, дзе б ён ні выконвай ролі («Пінская шляхта», «Гаральд і Мод», «Жаўнеры» Дударава, «Касцюмер» і інш.). Ёсць шэраг маладых цудоўных актораў: Харланчук і Падаляка, спадарыня Хітрык.

«Веды скаўта мае не кожны дэсантнік»

— Пакінем культуру трошку ўбаку. Ты адслужыў у войску тэрміновую службу?

— Не, я рэзервіст. Ёсць такая форма ва Узброеных Сілах, калі пасля атрымання вышэйшай адукацыі праходзіш абавязковыя вайсковыя зборы, цягам якіх авалодаеш вайсковай спецыяльнасцю. Звычайна — паўгода прыкладна.

— Пасля жыццёвай школы скаўтынгу было прасцей?

— Падаецца, што так. Скаўтынг вучыць, што мы ўсе, нягледзячы на характары і асабістыя хібы, аб’яднаныя адной мэтай. Таму, калі я трапіў у войска, то зразумеў, што мы жывем у калектыве, трэба паважаць адзін аднаго, пазбягаць канфліктаў і г.д. Бо калі пад адным дахам спяць 120 чалавек — натуральна, канфлікты будуць. Але трэба неяк суіснаваць з мэтай выканаць свае абавязкі — навучыцца быць вайскоўцам.

Калі вы трапіце ў войска пасля скаўтынгу, будзе адназначна прасцей. Тым больш, калі трапіце не ва ўмоўныя мотастралкі, але апыняцеся ў сілах спецыяльных аперацый або выведвальным падраздзяленні. Бо тыя веды, якія атрымаў сярэднестатыстычны скаўт, маюць, на жаль, не ўсе жаўнеры, што служылі ў дэсанце. А скаўт спакойна пратрымаецца 10 дзён у любым лесе.

— Чуў, што з войска ты маеш нейкія граматы, падзякі…

— На жаль, я не здолеў трымацца ў войску падалей ад начальства, і мяне прызначылі намеснікам камандзіра звязу. Так, атрымаў там нейкія падзякі за нясенне службы… Тут няма нічога звышнатуральнага: трэба наўпрост якасна рабіць сваю працу на любой пасадзе — усё. Я лічу, што гэтыя граматы былі цалкам лішнімі, гэта нават смешна. Якая можа быць грамата чалавеку, які праслужыў паўгода? За што?..

Часам на вуліцы насустрач ідуць сувораўцы — з медалямі. І для мяне гэта ненатуральна. Гэта паніжэнне вартасці медаля як такога, таксама і з граматамі. Жаўнер павінен рабіць сваю справу, не чакаючы на падзякі. Калі ён, рызыкуючы жыццём, залез на дах і выратаваў котку — яму можна даць грамату, калі чалавека — медаль. Я ж не рабіў гэтага.

«Войска патрэбнае, нават калі краіна не ваюе»

— Ты даслужыўся да прапаршчыка, дык чаму вырашыў не рабіць вайсковай кар’еры, калі такога кшталту рэчы цікавыя і блізкія?

— У мяне вельмі спецыфічная вайсковая спецыяльнасць: начальнік склада, а зусім не камандзір выведвальнай групы (смяецца). З такой спецыяльнасцю ўсё жыццё прасядзець на складзе — не цікава. Я ўяўляю сабе службу крыху па-іншаму. З пэўных прычынаў мяне не ўзялі ў ПДВ, таму…

Я лічу, што ў беларускім войску трэба служыць, яго трэба развіваць, але і само войска павінна развівацца. Мы ж дагэтуль стаім на месцы: шмат кансерватыўных момантаў, якія псуюць агульнае ўражанне. Разумею, што найперш гэта звязана з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем арміі — на жаль, пакуль, так.

Але войска незалежнай Беларусі павінна быць моцным і баяздольным, каб пры любой нагодзе абараніць краіну. Таму жаўнеры і павінны займацца падвышэннем сваёй баяздольнасці, увесь час развівацца, а не ўкладаць снег кубікамі. Лепш гэты час прысвяціць тым рэчам, на якіх спецыялізуецца падраздзяленне.

— У Беларусі ёсць два палярныя меркаванні пра войска. Першае: войска ў нас цудоўнае, усе нас баяцца і г.д. Другое: войска нам не патрэбнае, яно русіфікаванае — давайце яго распусцім… Што думаеш?

— Прывяду гістарычны прыклад. Швейцарскае войска падчас дзвюх сусветных войнаў выратавала краіну ад акупацыі, хоць у баявых дзеяннях не ўдзельнічала. Падчас Першай сусветнай вайны дарадцы пераканалі кайзера Вільгельма не лезці ў Швейцарыю, падчас Другой сусветнай — аналагічная сітуацыя была з Гітлерам: вайна і акупацыя маглі адцягнуць занадта шмат сілаў. Гэта таго б не каштавала.

Пры гэтым, падчас Другой сусветнай вайны швейцарскія самалёты-знішчальнікі саджалі нямецкія самалёты, якія перасякалі паветраную мяжу, маўляў, хлопцы, вы заляцелі не туды, сядаем. Швейцарцы бралі ў палон і інтэрнавалі ўсіх, каго лавілі на тэрыторыі краіны: немцаў, амерыканцаў, брытанцаў — усе яны траплялі ў лагеры для інтэрнаваных і сядзелі там да канца вайны.

Таму, войска патрэбнае, нават калі краіна не ваюе. Калі вы не хочаце вайны, трэба быць да яе падрыхтаванымі: само гэта можа спрацаваць як стрымліваючы фактар. Для мяне гэта цалкам натуральна.

Чаму ад жаўнера хаваюць аўтамат?..

— Дык а што наконт беларускага войска: кажуць жа, што там багата непатрэбшчыны…

— Фармальна, усё пабудавана вельмі слушна, іншая справа — як гэта выконваецца. Што, не трэба ПХД (паркава-гаспадарчы дзень. — рэд.)? Трэба. Абслугоўванне тэхнікі не трэба? Трэба. Шыхтавая падрыхтоўка не трэба? Канешне, трэба, бо яна вучыць не столькі прыгожа хадзіць шыхтом, колькі выконваць загады — любыя, гэта псіхалагічны момант. Пры гэтым, вельмі часта, на жаль, у вайскоўцаў няма матывацыі служыць, і служыць якасна.

— А якая можа быць матывацыя?

— Трэба зрабіць так, каб служыць у войску было крута, прабачце за пафас. Напрыклад, прыходзіць чалавек у Цахаль (войска Ізраіля. — рэд.), яму даюць форму і аўтамат. А ў нас што? У нас ад жаўнера аўтамат хаваюць у аружэйцы: «Ці мала што? А раптам згубіць?..» Трэба даваць разуменне, каб чалавек ведаў, што ідзе ў войска, каб вучыцца чамусьці новаму. Прыйшоў ён на пасаду стралка СПГ-9 — ён павінен навучыцца і ведаць, што гэта, пры гэтым быць накормлены і добра выглядаць.

Добра, што пайшлі хоць мінімальныя зрухі ў плане знешняга выгляду. Бо раней, уявіце, вы апранаеце бушлат, які на вас вісіць мехам. Кім сябе адчувае жаўнер? Правільна, няўдачнікам, якому не ўдалося «адкасіць»… Але калі я бачу спецпадраздзяленні, то там ужо зусім іншае: яны нават апранутыя крута! Працуюць таксама стэрэатыпы, напрыклад, пра дзедаўшчыну. Так, у войску б’юць. Але, каб цябе пабілі, трэба ці не мыцца месяц ці напіцца — тады да цябе ўначы прыйдуць саслужыўцы і параяць больш так не рабіць.

Каб у свае 18 гадоў я ведаў, што калі пайду ў войска, то буду там страляць з-пад рукі, навучуся кіраваць БТР і БМД, падкачаюся, буду хадзіць у крутой прыгожай форме, скакаць з парашутам, я б не пайшоў ва ўніверсітэт — пайшоў бы адразу ў войска. А так у нас думаюць пасля школьных экзаменаў, як бы толькі не «загрэблі» на паўтара гады — моладзь баіцца гэтага амаль як турмы.

«Войска жыве на маршы»

— А што наконт тэрміну службы?

— Каб вы ведалі, тэрмін КМБ (Курс маладога байца. — рэд.) у войску Швейцарыі — 21 тыдзень, а далей штогадовы прызыў на зборы. Калі правільна паставіць навучальны працэс, умоўнага Рэмба можна зрабіць за паўгода, але трэба працаваць, а не бардзюры фарбаваць. Жыць на палігонах, вучыцца — і будзе баец! Пасля яшчэ прызываць некалькі разоў за жыццё, каб абнавіць веды, у «партызанку», як кажуць у народзе.

Але зараз тая ж «партызанка» выглядае не вельмі ўцямна: людзі туды ідуць, каб 45 дзён піць… Я разумею чаму. Чалавек, напрыклад, механік-вадзіцель БТР па вайсковай спецыяльнасці, але яму кажуць: «Сядзі, не лезь нікуды!» Таму і п’е. Трэба да тэхнікі падпускаць, займаць нечым карысным, бо жаўнер не пры справе — гэта патэнцыйны злачынца (смяецца). Войска, як вядома, жыве на маршы.

— Што б ты сказаў людзям, якія крытычна ставяцца да ўзброеных сілаў?

— Так, наша войска мае багата хібаў, шмат што трэба змяняць, але мне не падабаецца, калі ўсіх вайскоўцаў агулам мажуць чорнай фарбай — гэта шлях у нікуды. Пасля гэтага называць сябе патрыётамі і незалежнікамі… несур’ёзна. Войску як паветра патрэбныя рэформы, але варта захаваць лепшае, у тым ліку, пакінуць прафесійныя кадры, якія маюць досвед, незалежна ад мовы, на якой яны гавораць у штодзённым жыцці, ці прозвішча.

Мне падаецца, гэта і ёсць патрыятычны падыход — не раскідвацца людзьмі і магчымасцямі, але збіраць і пакідаць лепшае: што ў войску, што ў любой іншай сферы. Не будзе моцнага войска — не будзе незалежнасці, не будзе Беларусі — пра гэта заўжды варта памятаць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]