Сваякі і паплечнікі асуджаных на 10 сутак за ўдзел у акцыі 19-га снежня рыхтуюцца сустракаць іх ля следчых ізалятараў.
Як кажа адзін з каардынатараў дапамогі палітвязням Сяржук Семянюк, ля турмаў на Акрэсціна і на вуліцы Скарыны, а таксама ў Жодзіне, будзе зладжана дзяжурства, каб адсачыць выхад асуджаных, паведамляе Радыё Рацыя.
- 29-га па пратаколах людзей павінны выпускаць у 23 00. Аднак існуе такая практыка: для таго, каб людзі якія выходзяць не бачылі вялікай падтрымкі і салідарнасці з імі, адпускаць людзей раней. Часта іх вывозяць у горад, у РУУС і адтуль ужо выпускаюць. Мы будзем намагацца адсочваць гэтую сітуацыю на месцах. Калі пачнуць адпускаць першых вязняў ці калі іх пачнуць некуды вывозіць, на месцах будуць дзяжурныя, якія абавязкова гэта пабачаць, і мы будзем дакладна ведаць, дзе знаходзяцца гэтыя людзі і адкуль іх трэба сустракаць.
Частку затрыманых, якія былі асуджаныя на 12 сутак, павінны адпусціць у 23.00 31-га снежня. На знак падтрымкі шэраг актывістаў збіраецца сустрэць Новы год ля турмаў у Мінску і Жодзіна.