Счасны Валерый Ігнацьевіч нарадзіўся 23.05.1951 года ў г. Дрыса Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (1973). Працуе ў галіне як фігуратыўнага, так і нефігуратыўнага жывапісу ў розных тэхніках (алей, тэмпера, акрыл) і жанрах. Удзельнік мастцкіх выстаў з 1976 года. Сябра беларускага саюза мастакоў з 1993 года, сябра аб’яднання Віцебскіх мастакоў “Квадрат”, з 1998 года сябра суполкі “Пагоня” (БСМ)
Як пiша сябра Беларусскага саюза мастакоў М. Цыбульскі, творчасць Валерыя Счаснага вылучаецца выразным паэтычным асэнсаваннем навакольнага свету і знакава-сімвалічным характарам вобразна-пластычнага мыслення. Аддаўшы перавагу знакавым формам у стылістыцы сваіх жывапісных твораў, мастак разам з тым застаўся шчырым прыхільнікам рэчаіснасці, як крыніцы натхнення. Ментальнасць беларуса, улюбёнага ў сваю зямлю, гісторыю свайго народа вызначае эмацыянальна-сэнсавы кантэкст яго сімвалічных вобразаў. Магчыма таму падкрэслена полістылістычная творчасць Валерыя Счаснага даволі гарманічна глядзіцца ў кантэксце асноўных тэндэнцый развіцця сучаснага беларускага мастацтва.
Канцэптуальнасць і сімвалізм, уласцівыя абстрактным творам Счаснага застаюцца дамінантай і арганізуючым сэнсавым пачаткам і ў яго рэалістычных кампазіцыях. Даволі часта ў яго творах сустракаецца храм і крыж. Крыж – адзін з самых старажытных сімвалаў чалавецтва, паўстае ў яго творчасці як сімвал вышэйшых сакральных каштоўнасцяў, сімвал Хрысціянства, Жыцця і Веры. Крыж адначасова Знак Часу і Знак Вечнасці, Знак Бессмяротнасці і Шлях да яднання…