Цяпер пад беларускамоўнымі этыкеткамі выходзяць найбольш вядомыя гатункі «Крыніцы» – светлае, цёмнае, прэміум і моцнае.
23 чэрвеня бровар «Крыніца» правёў прэзентацыю абноўленай прадукцыі, піша nn.by.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Кіжук у сваёй уступнай прамове адзначыў, што гэта, «на шчасце, ужо не тая прадукцыя, пра якую склаліся стэрэатыпы».
Сапраўды, пра «Крыніцу» існуюць забабоны. Маўляў, што з іх усё ўзяць, усё зразумела. Хаця бровар за апошнія гады парадаваў спажыўцоў вельмі якаснымі прадуктамі, такімі як «Kult» і «Портар 8-20».
Цяпер пад новымі этыкеткамі выходзяць больш вядомыя гатункі «Крыніцы» – светлае, цёмнае, прэміум і моцнае. «Назвы старыя, але ўнутры ўсё новае», — патлумачыў Кіжук.
Варта адзначыць, што пры афармленні новай прадукцыі выкарыстоўваецца беларуская і англійская мова. Праўда, беларуская мова толькі ў назве. Змест і выходныя дадзеныя чамусьці выключна па-руску.
Рэбрэндынгавая прадукцыя пачне з’яўляцца ў крамах ад панядзелка.
Таксама «Крыніца» сумесна з тэлеканалам АНТ і гуртом «Без білета» прэзентавала новы праект «Беларусь без межаў». Ён пачне выходзіць на АНТ ад 4 ліпеня. У 9 серыях удзельнікі гурту «Без білета» раскажуць пра беларусаў, што жывуць у Чылі, Перу, Нью-Ёрку, Байкале і іншых кутках зямлі.