Не снегам, а каўбасой аказаліся засыпаныя дзве паласы аўтадарогі Менск--Горадня непадалёку ад Скідзеля. Прычынаю таму -- аварыя. Зранку падчас руху ў аўтамабіля ГАЗ-53, які і перавозіў дзве тоны мясных вырабаў, нечакана адарвалася задняе правае кола... аўта перакулілася. Кіроўцу ўдалося вылезці з пашкоджанай кабіны праз дзверы пасажыра. У выніку ДТЗ акрамя аўтамабіля і каўбасаў ніхто не пацярпеў. Рух на некаторы час быў абмежаваны. Варта адзначыць, што вытворчасць ГАЗаў-53 спынілі яшчэ ў 1993 годзе, але яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца.
Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 5-годдзю нашага каналу, прайшло ў Варшаве, у сядзібе польскага Сейму. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел, між іншых, маршалак Сейму Эва Копач і дырэктарка "Белсату" Агнешка Рамашэўская. На экспазіцыі можна пабачыць як візуалізацыі асноўных звестак пра першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, такія, як рэйтынг і ўзровень даверу да каналу, гэтак і моманты са штодзённай працы карэспандэнтаў, якім адмаўляюць у выездзе з краіны альбо пераследуюць -- часам нават фізічна.
Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала дыпламатычную ноту ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Менску. Прычына -- сітуацыя ў пункце пропуску "Каменны Лог -- Мядзінінкай", дзе ў чарзе стаяць сотні грузавікоў. МЗС нагадала, што, адпаведна дамоўленасцям, бакі мусяць афармляць не менш як 600 грузавікоў за суткі. Але пасля гучнага арышту 29 літоўскіх мытнікаў, падазраваных у хабары, дамова не выконваецца, лічыць афіцыйны Менск. У Вільні з гэтым не пагаджаюцца і кажуць, што ў асобныя дні ў Мядзінінкаі афармляюць больш за 600 грузавікоў.
Нацыянальны статыстычны камітэт абнародаваў новыя звесткі пра інфляцыю. У лістападзе беларускі рубель упаў на 1,7 %. Але з пачатку года нацыянальная валюта абясцэнілася больш як на адну пятую (на 20,1 %), шчыльна наблізіўшыся да прагнознага паказніка на ўвесь год. Кошты на харчы выраслі больш, чым на іншыя тавары. Кошт платных паслуг ад пачатку года вырас амаль на траціну -- на 32,7 %. За год значна павялічыліся тарыфы на грузаперавозкі ўсімі відамі транспарту (на 41,7 %).
Расейская армія можа адмовіцца ад беларускай вайсковай тэхнікі. Ужо другі раз за тры месяцы паведамляе пра гэта ў сваіх публікацыях блізкая да крамлёўскіх уладаў газета "Известия". І калі напачатку верасня гаворка была пра тое, што Мінабароны Расеі перастане набываць шасі Менскага заводу колавых цягачоў, то сёння ішлося пра адмову ад МАЗаў. Пры тым, праўда, выданне піша, што расейскае войска не будзе набываць менавіта МАЗаўскіх цягачоў. Але насамрэч такіх не існуе ў прыродзе. На думку экспертаў, гэта не выпадковая памылка расейскіх праўладных журналістаў.
"Хочаш даслаць паштоўку Алесю Бяляцкаму і доўга стаіш-выбіраеш у "Белсаюздруку" што можна купіць, бо амаль што ўсе паштоўкі віншавальныя, бываюць яшчэ расейскія "прышпільныя", але незаўсёды яны да месца, бо чалавек знаходзіцца за кратамі. Таму мы вырашылі правесці і конкурс на лепшыя паштоўкі", распавяла "Белсату" Алена Лапцёнак.
01.07.2026
На «Евровидении» впервые за много лет появится новая страна-участница за пределами Европы