Мора, сонца і... размовы пра калектыўную бяспеку і таваразварот. Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сочы да Уладзіміра Пуціна. Наўрад ці імклівы ды пазапланавы візіт выкліканы жаданнем скарыстацца з аксамітнага сезону. Масква перакрыла Менску схему з бязмытным экспартам растваральнікаў, з-за чаго рэзка знізіўся экспарт, а значыць прыток валюты ў бюджэт. А гэта ставіць пад вялікае пытанне стабільнасць беларускага рубля і выкананне абяцання пра 500 долараў сярэдняга заробку. belsat.eu
Сталі вядомыя імёны намінантаў прэміі Сахарава за свабоду думкі, у іх ліку -- беларускі правабаронца Алесь Бяляцкі, які цяпер знаходзіцца за кратамі. У 2006 годзе лаўрэатам гэтай прэміі стаўся палітык Аляксандр Мілінкевіч, госць праграмы „Размова Мацкевіча". Намінаванне Алеся Бяляцкага на прэмію Сахарава можа быць чаргоаваю нагодаю для таго, каб нагадаць пра беларускіх палітвязняў. „Вяртацца да тэмы палітвязняў вельмі важна, таму што бароніць іх перш за ўсё салідарнасць, - гаворыць госць праграмы палітык Аляксандр Мілінкевіч, - Мы часам спадзяемся, што захад нам дапаможа, ён будзе салідарны і вызваліць палітвязняў, але надзвычай важная салідарнасць унутры краіны".
На верасень прыпадае пік попыту на здымныя кватэры. Найцяжэй знайсці жытло перадусім студэнтам. Але неўзабаве з праблемамі могуць сутыкнуцца і тыя, хто здае кватэры. Непакой выклікала прапанова прэзідэнта забіраць жытло ў арэндадаўцаў, якія пабудавалі яго за льготны крэдыт. Беларускае заканадаўства гэтага не прадугледжвае, але ў нашай краіне магчыма ўсё.
Гадавіна дэвальвацыі беларускага рубля. Летась за адзін момант беларусы згубілі траціну сваіх ашчаджэнняў. Дэвальвацыя справакавала і гіперінфляцыю. Сёння прэмер-міністр Міхаіл Мясніковіч спрабаваў пераканаць беларусаў у тым, што горшыя часы мінулі і рублю можна давяраць. Аднак пра іншае кажа адмысловая справаздача Нацыянальнага банку. Паводле яе, толькі сёлета за восем месяцаў грашовая маса павялічылася на траціну. Чаму ж верыць: фактам ці запэўніванням чыноўнікаў?
Яшчэ не сталі дэпутатамі, а ўжо не выконваюць сваіх перадвыбарчых абяцанняў. Як ні дзіўна, гаворка ідзе не аб прадзяржаўных кандыдатах, а аб незалежных. Яны за сем дзён да пачатку датэрміновага галасавання меліся зняць свае кандыдатуры, калі ў краіне застануцца палітвязні. Да пачатку галасавання ўсяго тры дні. Стрымаць сваё абяцанне лідараў руху "За свабоду", кампаніі "Гавары праўду!" і БСДП заклікаў сустаршыня партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.