У сонечных Канах адкрыўся юбілейны шэсцьдзесят пяты фестываль. Сімвалам сёлетняга свята кіно стала Мэрылін Манро -- легендарная акторка, якая памерла паўстагоддзя таму, гэтак ніколі і не пабываўшы ў Канах. У галоўным конкурсе сёлета стартуюць 22 карціны, сярод рэжысёраў якіх няма ніводнай жанчыны, але ёсць наш зямляк.
Зачыстка на Чыстых Прудах. Сёння раніцаю маскоўскі спецназ разагнаў лагер апазіцыі ды затрымаў частку актывістаў. Аднак незадаволеныя фальсіфікацыямі расейцы спыняць пратэстаў не збіраюцца. Новым месцам збору стаў сквер ля метро з рэвалюцыйнаю назваю «Барыкадная». Ці дапаможа гэта ўзняць баявы дух змагароў за дэмакратыю і чаму падзеі ў Маскве нагадваюць правераны ў Беларусі сцэнар?
Давайце мяса летам шмат есці не будзем -- гэтак некалі заклікаў беларусаў Аляксандр Лукашэнка. Падобна, што сёлета слынная парада зноў набывае актуальнасць. Ад заўтрашняга дня кошты на мяса павышаюцца болей як на траціну. На хлебабулачныя і малочныя вырабы -- на 10 адсоткаў. Не мінула і тыдня, як прэзідэнт прасіў падначаленых задумацца над тым, як змагацца з інфляцыяй. Чаму эканамічныя паказнікі не слухаюцца першай асобы ў краіне? Навіна пра падвышэнне коштаў звалілася на беларусаў, як сённяшняя залева.