Паехалі ў Менск у камандзіраванне ды не вярнуліся. Таямнічае і працяглае знікненне кіраўніка сочынскага санаторыю "Беларусь" і ягоных двух намеснікаў (дарэчы, грамадзянаў Расеі) нагадвае булгакаўскі сюжэт. Газета "Народная Воля" піша, што тройцу затрымалі ды змясцілі ў СІЗА. Праўда, у Следчым камітэце РБ, як і ў Пракуратуры, сёння заявілі, што ніякай крымінальнай справы супраць іх няма. А вось у КДБ ад каментара адмовіліся.
Чарговая хваля абурэння. У такой атмасферы прайшло другое грамадскае абмеркаванне праекту забудовы кавалку зямлі ў цэнтры Менску. Яшчэ летась жыхары сабралі больш за 2500 подпісаў супраць вышынных дамоў, якія хочуць паставіць на месцы спартовай пляцоўкі на скрыжаванні завулку Якуба Коласа і вуліцы Цнянскай.
Беларусь не адмовіцца ад прызыўной арміі, заявіў сёння міністр абароны Юрый Жадобін. Не будзе паратунку ад войска і тым, хто не хоча з розных прычынаў браць зброю ў рукі. Альтэрнатыўную службу кіраўнік Міністэрства абароны лічыць надуманаю ды шкоднаю. Не згодная з палітыкаю Міністэрства абароны Беларуская хрысціянская дэмакратыя прапаноўвае свой варыянт канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. А чые погляды бліжэйшыя грамадзянам нашай краіны?
18 лютага ў Мінску «стартавалі» бясплатныя моўныя курсы «Мова ці кава». Заняткі праводзяць будуць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. На ўрачыстае адкрыццё з Масквы прыехалі арганізатарка курсаў Кацярына Кібальчыч і акцёр Васіль Дранько-Майсюк, які праводзіць «Мову ці каву» ў расійскай сталіцы. На першы занятак прыйшло каля ста чалавек.