Да вялікіх дасягненняў кіраўнікі-спартоўцы Беларусі не прывялі. Ці стане медалёў больш, калі галіною пачнуць кіраваць сілавікі? З Міністэрства надзвычайных сітуацыяў у Міністэрства спорту і турызму перайшоў Ігар Шамко. А былога кіраўніка Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага Аляксандр Лукашэнка хоча бачыць віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага Алімпійскага камітэту.
Краіна -- на парозе новага крызісу. Банкам не стае рублёў, і яны вымушаныя павышаць стаўкі на дэпазітах у айчыннай валюце. А тым часам з усходу замест чаканых крэдытаў не толькі патрабуюць вярнуць паўтара мільярда долараў мыта за расейскую нафту, але і прадказваюць балючую дэвальвацыю. Чым Менск можа адказаць на крытыку Масквы і ці гатовыя ўлады плаціць паводле рахункаў?