ГЭТЫМ РАЗАМ БЕЗ «ЕЎРА» Моладзевая зборная нашай краіны па футболе правяла сёння заключны матч адборачнага турніру на чэмпіянат Еўропы -- 2013. На полі гарадскога стадыёну ў Барысаве дружына Аляксея Вяргеенкі перамагла Сан-Марына 1:0, адзіны гол забіў Арцём Быкаў. Яшчэ ў дзвюх сустрэчах нашай групы Нямеччына разышлася мірам 4:4 з Босніяй і Герцагавінаю, а Грэцыя перамагла Кіпр 1:0. Такім чынам, мы скончылі адбор на 4-м месцы ў нашым секстэце, з першага месца ў плэй-оф крочыць Нямеччына, а Боснія і Герцагавіна пачакае вынікаў у астатніх групах, каб даведацца, ці будзе яна адною з чатырох камандаў з найлепшым паказнікам на другім месцы, і таксама працягне барацьбу.
«Прытулак для забойцаў» -- гэтак Беларусь назвалі кыргызскія пратэстоўцы, якія сабраліся сёння на чарговы мітынг пад сценамі беларускай амбасады ў Бішкеку. Віктар Дзенісенка -- кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва -- прыняў заяву ад мітынгоўцаў. Але пры гэтым назваў сябе простым жаўнерам, «за якім стаяць генералы: што яны скажуць, тое і будзе».
Сёння знайшлася кандыдатура і на «шчаслівую» пасаду -- амбасадара Беларусі ў Расеі. Папярэдні пасол Андрэй Кабякоў цяпер узначальвае Адміністрацыю прэзідэнта. Новым жа Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Расейскай Федэрацыі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ігара Петрышэнку, які дагэтуль працаваў першым намеснікам міністра замежных справаў.
Сёння адбыліся новыя кадравыя прызначэнні. Новым камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны краіны стаў Алег Дзвігалёў, заняўшы такім чынам адно з самых нестабільных месцаў у сілавых структурах. Нарадзінец Мурманшчыны, раней ён працаваў начальнікам Галоўнага штабу ВПС.