Амбасадары Швецыі, Польшчы і Літвы вярнуліся ў Беларусь. Да канца тыдня да іх маюць далучыцца кіраўнікі дыпламатычных місіяў Эстоніі, Чэхіі і Нямеччыны ды кіраўніца прадстаўніцтва Еўракамісіі Майра Муора. Пасля амаль двухмесячнай адсутнасці паслы вярнуліся. Ці стане гэта знакам вясновага палітычнага пацяплення? Еўрапейскія амбасадары вяртаюцца ў Беларусь. Беспрэцэдэнтная ў найноўшай гісторыі дыпламатычная вайна скончылася. Але на чыім баку перамога?
Палута Бадунова. Імя дзяячкі беларускага адраджэння сёння амаль забытае. Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, міністр Рады БНР, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў. Пра жыццё выбітнай беларускі на замову нашага тэлеканалу паўстаў дакументальна-мастацкі фільм. Жанчына-палітык -- зява рэдкая ў беларускай гісторыі, тым болей варта яе прыгадаць.
Конкурс песні «Я лідар», які стартуе заўтра ў Мазыры, яшчэ да пачатку стаў вядомы на ўсю краіну дзякуючы Ксеніі Дзягельцы. Ейную кампазіцыю «Я из деревни», падрыхтаваную адмыслова да конкурсу, за тыдзень праглядзелі на «YouTube» больш за 650 тысяч разоў. Што гэта -- гімн чырвона-зялёнага пакалення ці шарж на беларускую рэчаіснасць? І як насамрэч выглядае вёска, у якой сама гераіня заставацца не збіраецца?
Як будзе выглядаць Магілёў у дзве тысячы трыццатым годзе? Гарадскія ўлады абвесцілі грамадскае абмеркаванне праекту развіцця гораду. І хоць места расце і займае ўсё новыя тэрыторыі, старыя праблемы застаюцца не развязаныя. Грамадскія актывісты вырашылі скарыстацца з нагоды і прыцягнуць увагу ўладаў... да праблемных абектаў: жахлівага стану хрушчовак. Гэты дом з нешчаслівым нумарам 13 -- сапраўдная небяспечная зона. Капрамонт 5-павярховай хрушчоўкі цягнецца каля года. Аднак замест паляпшэння эксплуатацыі памяшкання жыхары атрымалі дадатковыя нязручнасці.