Сёння Радаўніца. На дзявяты дзень пасля Вялікадня прынята ісці ў царкву, а потым наведаць магілы продкаў.Паводле этымолагаў, назва "Радаўніца" паходзіць ад лексемы "Род". Як мы ўшаноўваем свой род і сваю гісторыю? «На Радуніцу па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць». Прымаўка азначае, што ў гэты дзень трэба хадзіць на могілкі не толькі з жалобаю. Для памерлых сваякоў гатуюць пачастунак: як мінімум фарбаванае яйка і чарка гарэлкі з лустаю хлеба. А на цвінтары трэба памянуць дзядоў, пагаварыць пра ўсё светлае ды ўсёю сямёй адсвяткаваць перамогу жыцця над смерцю.
"Еўразвяз напэўна хацеў бы, каб сітуацыя ў Беларусі выглядала хоць трошачкі гэтак, як у Мянме: калі рэжым ідзе на больш значныя саступкі ў палітычным сэнсе, дапускае апазіцыю ў парламент, і распачынаецца дыялог паміж грамадствам і рэжымам, дзяржаваю ды вонкавым светам. Але, мяркую, такой палітыкі ад беларускага рэжыму ён не дачакаецца", -- заявіў палітолаг Павал Усаў у інтэрвю тэлеканалу "Белсат".
У Варшаве прайшоў шосты штогадовы канцэрт «Салідарныя з Беларуссю», на якім прысутнічала каля тысячы чалавек. Масавасці імпрэзы, кажуць арганізатары, спрыяла не толькі добрае надворе, але і актуальнасць беларускай тэматыкі ў польскім грамадстве. Гукі беларускай музыкі страсянулі Варшаву. Канцэрт, што адбыўся ў самым цэнтры польскай сталіцы, прыцягнуў увагу як звычайных мінакоў, так і людзей, што даўно цікавяцца падзеямі за ўсходняю мяжою.
Сёлетні кінафестываль у Канах для нас асабліва важны. На ім будзе прэзентаваны фільм «У тумане», зняты паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Рэжысёр стужкі Сяргей Лазніца -- вядомы дакументаліст, які нарадзіўся ў Беларусі. Чаму Быкаў і чым гэты фільм блізкі для кожнага з нас? Пра гэта Сяргей Лазніца, які цяпер працуе ў нямецкім Вісбадэне, расказаў у эксклюзіўным інтэрвю «Белсату».
Адселеная зона, забруджаная радыенуклідамі, толькі на першы погляд выглядае бязлюднай і закінутаю. Калі прыгледзецца, паўсюль заўважныя сляды гаспадарчай дзейнасці. Тут збіраюць метал, паляўнічыя страляюць дзічыну. На адселенай тэрыторыі нават нарыхтоўваюць драўніну. І ўсё гэта нягледзячы на страшнае перавышэнне ўзроўню радыяцыі. Каля 50 вёсак на Гомельшчыне зніклі з мапы ў выніку аварыі на ЧАЭС. Мясціны, дзе некалі віравала жыццё, цалкам закінутыя. Цывілізацыя саступіла месца дзікай прыродзе.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі прызначылі на 6 траўня. А галоўная інтрыга тым часам захоўваецца. Хто ўрэшце пераможа? Дзейны прэзідэнт Нікаля Сарказі ці сацыяліст Франсўа Алянд, які набраў усяго на 1,5 % болей? Такімі бурнымі авацыямі віталі выбарнікі перамогу ў першым туры Франсўа Алянда, які лічыўся па выніках шматлікіх апытанняў бясспрэчным фаварытам французскай перадвыбарчый гонкі. Ён здолеў набраць 28,6 % галасоў. Дзейны прэзідэнт Нікаля Сарказі атрымаў на 1,5 % менш, а замкнула тройку лідараў Марын Ле Пэн з 18 %.