Клапоціцца пра беларушчыну і тэлеканал "Белсат". Дзякуючы беларускай мове ды абектыўнай інфармацыі пашыраецца колькасць гледачоў нашага каналу. Аўдыторыя "Белсату" налічвае ўжо больш як мільён чалавек -- вынікае з даследавання сацыялагічнага цэнтру "Люстэрка-Інфо". Амаль палова з іх -- гэта сталыя гледачы, якія ўключаюць наш канал амаль штодзённа альбо некалькі разоў на тыдзень. Яшчэ больш як 500 тысячаў чалавек глядзяць нас некалькі разоў на месяц альбо бачылі праграмы "Белсату".
Пад гукі песень ў колішнім выкананні Дзядзькі Рыгора ягоныя прыхільнікі заходзілі на Управу Партыі БНФ па каштоўныя кнігі. УДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ: "Аўтограф вельмі каштоўны для мяне". "Гэта кніга з яго ўласнай бібліятэкі, што яшчэ больш мяне зацікавіла". З уласнай з бібліятэкі Барадуліна спачатку планавалі раздарыць 177 кніжак, аднак ахвотных паўдзельнічаць у акцыі набралася ажно 646 чалавек, таму Дзядзьку Рыгору давялося перагледзець сваю бібліятэку. 150 кніжак арганізатары акцыі ўзялі з выдавецтваў, агулам у новыя рукі трапілі больш за 700 кніг.
Дзеля далучэння да Балонскага працэсу Беларусь мусіць правесці шэраг рэформаў у сістэме адукацыі. Да такой высновы прыйшла працоўная група Балонскага працэсу. Яе чальцы падкрэсліваюць, што акадэмічныя нормы ў Еўропе прадугледжваюць акадэмічную свабоду ды інстытуцыйную аўтаномію ўніверсітэтаў, а таксама ўдзел студэнтаў у кіраванні навучальнай установаю. У Беларусі ж такой практыкі няма. Апроч таго, Балонскі камітэт звярнуў увагу на адлічэнні студэнтаў за ўдзел у палітычных і грамадскіх акцыях ды на тое, што ў шматлікіх універсітэтах няма магчымасці навучацца па-беларуску.
Зіма доўгачаканая. Але ці вось ужо для ўсіх жаданая? З яе снегавымі падарункамі змагаюцца камунальнікі. Стомленыя грамадзяне. ЖЫХАРЫ СТАЛІЦЫ: "Трэба рыхтавацца да зімы, пачынаючы з лета, а не з 1 снежня". "Усё ў парадку. Па-мойму, працуюць нядрэнна". "Немагчыма прыбраць вялікі мегаполіс за адныя содні. Гэта ўсе цудоўна павінны разумець". Але як ні разумей, у камунальнікаў сапраўдныя праблемы. Толькі ў сталіцы недахоп дворнікаў складае 30 %. З пазасталых 50 % каля 20 % -- гэта людзі, якія злоўжывалі алкаголем.
Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч адзначыў, што ўстанова можа перагледзець сваю пазіцыю аб смяротным пакаранні, калі з запытам звернуцца ўпаўнаважаныя субекты. Таксама Міклашэвіч адзначыў, што звароты грамадзянаў на гэту тэму летась ва ўстанову не траплялі. ПЁТР МІКЛАШЭВІЧ, СТАРШЫНЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА: "Непасрэдна ў Канстытуцыйны суд летась не паступалі такія прапановы". Паводле Пятра Міклашэвіча, такія звароты атрымалі іншыя дзяржаўныя структуры: паводле падлікаў старшыні Канстытуцыйнага суда, цягам 2011 года іх было прынамсі 58.
Флайрынг -- гастраномія, спорт ці мастацтва? Як Міхась Булавацкі ствараў у аўтарытарныя савецкія часы першую дэмакратычную арганізацыю на Магілёўшчыне? Што атрымалі беларускія маракі ў падарунак ад расейскіх калегаў? Пра ўсё гэта -- у тэлевізійным часопісе "Рэпартэр" у эфіры "Белсату" 25 студзеня а 21:25.