Калі ўдзельнікі апытання і крытыкавалі дзейную ўладу на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, то выключна за эканамічныя праблемы. «Я маладая маці, у мяне малое дзіця, і мы атрымліваем дапамогу памерам 500 тысячаў -- іх не стае абсалютна. Хаця калі наш прэзідэнт будзе далей працягваць сваю палітыку, то, можа, штосьці і атрымаецца», -- гаворыць жыхарка Менску.
Рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, на думку палітолага Аляксандра Фядуты, гэта - „электаральны шум". „Давяраюць на 5 % больш ці на 5 % менш -- гэта значна ў дзень выбраў. Сёння відавочна, што грамадства (і гэта не толькі тыя хто выходзіць на Плошчу, але і тыя, што сядзяць на кухнях) вельмі насцярожана ставяцца да таго, што адбываецца" - зазначае эксперт.
Напрыканцы гэтага месяца Менскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу на прысуд беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. «Кажучы пра вынік справы Алеся Бяляцкага, трэба не забываць пра тое, што ён не прызнаў сваёй віны, і любому чалавеку цвярозага розуму было ясна, што ён асуджаны незаконна, -- гаворыць Павал Сапелка, былы адвакат. -- Якою будзе пастанова? Тут можна толькі здагадвацца, бо лёс Алеся будзе вырашацца дакладна не ў дарадчым пакоі Менскага гарадскога суда».
СПАД У ГУЛЬНІ «АРСЕНАЛУ» 20-ы тур англійскай прэмер-лігі гэтым разам расцягнулі на 3 дні. У першы з іх свае двубоі правялі дзве каманды з першай пяцёркі. «Чэлсі» наведваўся ў госці да «Ўулвэргэмптану» і дзякуючы дакладным ударам Раміраса і Лэмпарда запісаў у свой актыў 3 пункты. А вось «Арсеналу» на выездзе не пашчасціла: у дададзены арбітрам час у сустрэчы з «Фулгэмам» намаганнямі Заморы гаспадары святкавалі вікторыю 2:1. Сёння позна ўвечары свае матчы правядуць лідары прэмер-лігі -- 2 клубы з Манчэстэру: «Юнайтэд» адправіцца да « Ньюкаслу», а «Сіці» дома прыме «Ліверпул».
Дэвальвацыя рубля спрычынілася да істотнага змяншэння колькасці беларусаў, якія могуць сабе дазволіць адпачываць за мяжою. Разам з тым адпачынак у Беларусі патаннеў у валютным эквіваленце, аднак паводле ацэнак дэпартаменту турызму, колькасць візітаў замежнікаў у нашую краіну павялічылася нязначна. Чаму?
ЛАТВІЯ ЗА БІЛІНГВІЗМ? З ініцыятываю ўвесці другую дзяржаўную мову выступіла латвійскае таварыства "Родная мова". У падтрымку было сабрана больш за 180 тысячаў подпісаў. 2 тыдні таму Сейм краіны большасцю галасоў адмовіўся ўнесці адпаведныя змены ў Канстытуцыю. Таму згодна з мясцовым заканадаўствам пытанне вынеслі на плебісцыт. Партыі кіроўнай кааліцыі заклікаюць грамадзянаў прыйсці на ўчасткі ды прагаласаваць супраць надання расейскай мове статусу другой дзяржаўнай.
Дапамагчы таму, хто дапамог сотням беларусаў. Працягваецца кампанія збору сродкаў для Алеся Бяляцкага. Каб змякчыць пакаранне праваабаронцу, ягоныя калегі адкрылі рахунак, на які кожны ахвотны можа пералічыць сродкі. Грошы, а гэта каля 90 тысячаў долараў, патрэбныя дзеля таго, каб пагасіць шкоду, якую праваабаронца нібыта нанес дзяржаве.
Не атрымалася з іранцамі зрабіць народны аўтамабіль -- паспрабуем з кітайцамі. У Міністэрстве эканомікі заявілі пра падпісанне інвестыцыйнага праекту з кітайскім вытворцам аўтаў -- фірмаю "Джылі". Пра абёмы фінансавання ды іншыя падрабязнасці ўрадоўцы не паведамляюць. Вядома толькі, што збірацца беларуска-кітайскія аўты маюць на БелАЗе.
Агучаная ўладамі праграма імпартазамяшчэння з новага года набыла другое дыханне ды сягнула новых сфераў. Глядзець інфармацыйны еўрапейскі тэлеканал у сваёй кабельнай сетцы -- занадта вялікая раскоша для менчукоў. Замест незалежных навінаў ад "Еўраньюз" -- не такое ўжо і замежнае расейскае кіно. Непрыемнай нечаканасцю такія змены сталіся, аднак, не толькі для жыхароў сталіцы, але і для... самога тэлеканалу.
Працаўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтру сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску падзяліліся сваімі назіраннямі за надворем у 2011 годзе. Паводле начальніка Гідраметцэнтру, іхныя прагнозы спраўджваліся паводле большасці параметраў у сярэднім на 95 %, а што тычыцца небяспечных прыродных зяваў, то на ўсе 100 %.
Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які летась у верасні дасягнуў свайго гістарычнага мінімуму, 20 %, вырас, хоць і нязначна. Разам з тым амаль удвая болей людзей патэнцыйна гатовыя падтрымаць апанента ўладаў. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў апублікаваў снежаньскія вынікі апытання беларусаў.