belsat.eu Беларусь замятае. За выходныя ў некаторых гарадах краіны выпала да 65 % месячнай нормы снегу. Надворе паўплывала на хуткасць міжгародняга транспарту, са спазненнямі выконваюцца авіярэйсы. З-за транспартных здарэнняў, выкліканых завеямі і галалёдам, месцамі перакрывалі трасы. Снежная зіма зноўку стала сюрпрызам для камунальных службаў. Напрыклад, Берасце ўсё ў снежнай кашы.
Хоць на вуліцы і халадно, але прадпрымальнікі на рынках працуюць. Хутка з працоўных месцаў іх можа прагнаць зусім не мароз. З Новага года ўступае ў сілу тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу «Аб бяспецы тавараў лёгкай прамысловасці». Паводле яго, прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках такімі таварамі, мусяць мець на іх сертыфікат адпаведнасці.
Палата прадстаўнікоў не знайшла нічога заганнага ў Дэкрэце № 9, які яшчэ на пачатку снежня падпіcаў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент забараняе працаўнікам дрэваапрацоўчай прамысловасці звальняцца без згоды наймальніка цягам двух наступных гадоў. Дакумент быў проста прыняты да ведама. Супраць такога рашэння выступіў толькі адзін дэпутат. Астатнія падтрымалі лінію прэзідэнта і ўраду.
Унікальны архіў Хасі Пруслінай стаў абвінавачаннем камуністычным бонзам, імёны якіх дагэтуль носяць вуліцы беларускіх гарадоў. Адным травеньскім ранкам 1972 года нехта пазваніў у дзверы капітана медычнай службы Зінаіды Нікадзімавай. Невядомы голас паведаміў, што ейнай маці зрабілася кепска падчас чытання лекцыі ў інстытуце; хуткая дапамога адвезла яе ў клініку. І калі Зінаіда прымчалася да маці, Хасі Пруслінай, былой актывісткі менскага антыфашысцкага падполля, тая была яшчэ жывая, але неўзабаве памерла на даччыных руках.