МЫТНІКАЎ ПАЧЫСЦІЛІ Найбуйнейшую карупцыйную справу ў гісторыі літоўскай мытні раскрылі спецслужбы нашай прыбалцкай суседкі. Праваахоўнікі затрымалі 21 супрацоўніка пункта мытнага кантролю "Мядзінінкай", што знаходзіцца на беларуска-літоўскай мяжы - на кірунку Менск-Вільня. Усім фігурантам справы прадяўленыя абвінавачанні ў хабарніцтве ды злоўжыванні службовым становішчам. САМАГУБСТВА АМБАСАДАРА Прадстаўнік Сербіі пры НАТА Браніслаў Мілінковіч скончыў жыццё самагубствам у брусэльскім аэрапорце скочыўшы з 8 метровай вышыні.
Справа мадэльера Сашы Варламава будзе разглядацца ў Ленінскім судзе сталіцы. З Генпракуратуры ў суд крымінальную справу перадалі 30 лістапада. Саша Варламаў, заснавальнік і арганізатар конкурсу "Млын моды", абвінавачваецца паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў махлярстве ў буйных памерах і нявыплаце падаткаў. Расейскія калегі Варламава, з якімі беларускі дызайнер супрацоўнічаў каля васьмі гадоў, гавораць, што трэба браць пад увагу той факт, што Варламаў пачынаў справу, калі моднай індустрыі ды правілаў вядзення бізнесу ў Беларусі наогул не было.
Тэгеран абыходзіць міжнародныя эканамічныя санкцыі з дапамогаю Беларусі - сцвярджае італьянская газета „La Stampa": Паводле выдання, іранскія банкі рэгіструюць свае філіялы пад іншымі назвамі, не зафіксаванымі ў „чорных спісах". Як піша Ла Стампа, у якасці першага кроку па рэалізацыі „беларускага плану" тры свае філіялы ў Менску стварылі іранскія банкі TCB і Honor Bank. Захад падазрае рэжым Махмуда Ахмадынэжада ў распрацоўцы ядравай зброі. У выніку накладзенага Еўразвязам і ЗША эмбарга на іранскую нафту, здабыча „чорнага золата" ў краіне сёлета скарацілася да мінімуму за 20 гадоў.
Тапонім Еўразія, які апошнім часам можна пачуць зазвычай з вуснаў кіраўнікоў Крамля, нечакана падхапілі і некаторыя беларускія праваабаронцы. Сёння ў Менску прэзентавалі брашуру "Беларусь: Terra Incognita ў цэнтры Еўропы ці тэрыторыя еўразійскага кампрамісу". Прымеркавалі выданне да някруглай даты -- васямнаццатых угодкаў падпісання "Мемарандуму аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі".
Узровень карупцыі ў Беларусі адпавядае афрыканскім краінам. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай няўрадавай арганізацыі "Transparency International". Паводле індэксу ўспрымання карупцыі Беларусь займае 123-е месца са 176 краінаў свету. Нашая краіна мае ўзровень, параўнальны з афрыканскаю Маўрытаніяй, Мазамбікам і Сьера-Леонэ.
Пяных кіроўцаў чакае павелічэнне штрафаў і канфіскацыя аўтаў. ДАІ заяўляе, што падрыхтавала адпаведныя папраўкі ў закон. Цяпер праект дакументу праходзіць працэдуру ўзгаднення. Шэраг дзяржаўных органаў прапанаваў зрабіць адказнасць за кіраванне аўтам у нецвярозым стане больш жорсткаю, у тым ліку, павысіць штрафы за адміністратыўныя парушэнні, а паводле крымінальных артыкулаў -- узмацніць суворасць спагнання.
Сапраўды, такога яшчэ не было: хаты, гаспадарчыя пабудовы і сады руйнуюць і спальваюць на вачах гаспадароў. Жыхароў вёскі Паўлавічы, якая цяпер уваходзіць у межы Віцебску, у наўпроставым сэнсе высяляюць на мароз. На думку віцебскага праваабаронцы Валера Шчукіна, гэта супярэчыць закону. ВАЛЕР ШЧУКІН, ПРАВААБАРОНЦА "Калі вёску высяляюць, павінна быць адпаведнае рашэнне суда, і займацца гэтым павінны судовы выканаўца. А калі высяленнем займаюцца прадстаўнікі выканкама, гэта ад самага пачатку незаконна".
Праверка фактаў катавання у Ленінскім РАУС Менску скончылася завядзеннем крымінальнай справы. Адпаведная пастанова была вынесеная сталічным аддзяленнем Следчага камітэту ў сувязі з перавышэннем міліцыянтамі сваіх службовых паўнамоцтваў у дачыненні да Васіля Сарочыка. 14 лістапада міліцыянты схапілі 54-гадовага ахоўніка аўтастаянкі і сілай даставілі ў пастарунак, дзе шэсць гадзін катавалі, выбіваючы прызнанні ў здзяйсненні шэрагу крадзяжоў. Справа набыла гучны рэзананс, дзякуючы праваабаронцам і незалежным журналістам.