Хто перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Егіпце? Афіцыйнае абвешчанне вынікаў мела адбыцца сёння, але яго перанеслі на нядзелю. Тысячы ж егіпцянаў не сыходзяць з плошчы Тахрыр у Каіры. Адны з іх баяцца прыходу да ўлады ісламіста, іншыя -- прадстаўніка зрынутага рэжыму. Аднак найбольшы пратэст выклікае цяперашняе кіраўніцтва -- людзі ў пагонах.
Надышоў час вяртаць даўгі. Міністр фінансаў Андрэй Харкавец адзначыў, што сёлета Беларусь мае выплаціць 1 млрд 600 млн долараў замежнай пазыкі. Гэта ўдвая больш, чым летась. Аднак Аляксандр Лукашэнка настроены аптымістычна. Ён загадаў ураду ў найбліжэйшыя месяцы двойчы павысіць тарыфную стаўку першага разраду. Якімі сродкамі забяспечаныя гэткія захады, кіраўнік дзяржавы не патлумачыў, але адначасна пацікавіўся прычынамі росту коштаў.
Беларускі "Катынскі спіс" знойдзены! З гэткаю сенсацыйнаю навіною выйшла сёння "Газэта Выборча". Гаворка ідзе пра тых афіцэраў польскага войска, якіх на загад Сталіна расстралялі на тэрыторыі БССР. Уплывовае польскае выданне спасылаецца на адкрыццё расейскай даследчыцы Наталлі Лебедзевай. Ці сапраўды таямніца, якой не маглі раскрыць больш за 70 гадоў, стала вядомая?
Пакуль толькі папярэджанне з фармулёўкаю "за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" вынесла пракуратура праваабаронцу Андрэю Бандарэнку. Нагодаю стаў ягоны зварот у Міжнародную федэрацыю хакею. Праваабаронца заклікаў не праводзіць чэмпіянату свету ў краіне, дзе ўлады трымаюць у турмах палітвязняў і не спыняюць рэпрэсіяў супраць грамадскіх актывістаў.
Сваё сяброўства ў Абяднанай грамадзянскай партыі прыпыніў уплывовы незалежны эканаміст і праўнік Сяргей Балыкін. Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін прыпыніў да канца верасня сваё сяброўства ў Абяднанай грамадзянскай партыі, бо вырашыў удзельнічаць у парламенцкіх выбарах ды «ісці да канца».