Жорсткая цэнзура медыяў ды пераслед журналістаў -- тое, з-за чаго Беларусь займае першыя пазіцыі ў рэйтынгах несвабоды слова. І чым горшая сітуацыя ў краіне, тым большы ціск на незалежныя медыі, якія распавядаюць грамадскасці праўду. У офісе "Радыё Рацыя" пасля ператрусу сканфіскавалі тэхніку. На доме, дзе жыве журналіст Андрэй Пачобут, расклеілі абразлівыя ўлёткі. Гэткія дзеянні ўладаў успрымаюцца як здзеклівы падарунак да Міжнароднага дня свабоды слова -- прафесійнага свята журналістаў.
Цяпер улады плануюць «кропкавую прыватызацыю». Пры гэтым, паводле Аляксандра Лукашэнкі, прыватызаванае можа быць любое прадпрыемства, «пытанне толькі ў цане» Аднак эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што такіх прадпрыемстваў будзе няшмат. «Акрамя вымушанай прыватызацыі «Белтрансгазу», магчыма, будзе яшчэ прыватызацыя невялікай колькасці абектаў, але пакуль у нас застаецца накірунак сталінскай мадэлі сацыялізму ўсёй нашай краіны. Я не чакаю, што будзе нейкая вялікая прыватызацыя» - падкрэсліў эксперт.
"Яўгеній Анегін", "Лебядзінае возера", "Сон у летнюю ноч" -- вось толькі некаторыя назвы балетных спектакляў, у якіх галоўныя партыі выканаў танцоўнік з Беларусі Віталь Краўчанка. Да таго ж ствараў гэтыя вобразы ў складзе Амерыканскага балетнага тэатру -- на сцэне нью-ёркскага "Мэтраполітэн Опэра Гаўз", дарэчы, прызнанай адною з найлепшых балетных пляцовак свету.
Дзень Перамогі ў Менску пройдзе ў традыцыйным фармаце. Перакрыты для транспарту, а прызначаны для ўдзельнікаў шэсця і параду цэнтр сталіцы -- таксама абавязковы элемент дзяржаўных урачыстасцяў. Прычым у звыклым для сябе "мілітарызаваным" фармаце Беларусь адзначае свае галоўныя святы як адна з нешматлікіх краінаў у Еўропе.