"Будуй дэмакратыю -- не рэжым!" Такую віртуальную гульню стварылі польскія недзяржаўныя арганізацыі. У ёй удзельнікам неабходна супрацьстаяць вусатаму дыктатару. А прысвячаецца яна беларусам ды еўрапейскім палітыкам. Дзе сканчаецца гульня і пачынаецца рэальнасць? Рашучасць ды хуткасць -- якасці, якія неабходныя дзеля пабудовы дэмакратыі. Калі вы на працягу хвіліны не збераце з пазлаў слова "дэмакратыя", то галоўны герой гульні -- вусаты дыктатар -- збудуе рэжым.
Выратаваць Сяргея Каваленку. З такім патрабаваннем да ўладаў Беларусі звярнулася Міжнародная федэрацыя правоў чалавека. Не дазволіць памерці актывісту Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ намагаюцца і ягоныя паплечнікі. Неабходна рабіць усё магчымае, і вельмі хутка. Сяргей трымае галадоўку больш за два месяцы, і цяпер кожны наступны яе дзень можа стаць для яго апошнім. Кропельніцы ды дзіцячае харчаванне праз страўнікавы зонд. Такім чынам турэмныя ўлады спрабуюць выводзіць Сяргея Каваленку з галадоўкі.
Пра планы будаўніцтва другой АЭС заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны падкрэсліў таксама, што для гэтага яму спатрэбіцца падтрыманне і спрыянне з боку Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі. Гэтая заява была зробленая падчас сустрэчы з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Юкіям Амано, які перабывае з візітам у Менску. Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца адмаўляцца ад праграмаў у галіне ядравай энергетыкі, ды запэўніў, што кіраўніцтву краіны ўдалося пераканаць насельніцтва і забяспечыць падтрыманне гэтага праекту.
Агітаваць за сваіх кандыдатаў ды здымацца перад пачаткам галасавання або абраць тактыку байкоту парламенцкіх выбараў? Апазіцыйныя партыі дагэтуль не дамовіліся пра адзіную стратэгію на парламенцкія выбары. АЛЕ вагаюцца і выбарнікі -- вынікае гэта з апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. "За" ці "супраць", але прагаласаваць. Традыцыйна, калі і не на афіцыйныя восемдзесят адсоткаў, беларусы спраўна запэўніваюць яўку на выбарчыя ўчасткі. І цяпер няўдзел у галасаванні на будучых парламенцкіх выбарах дэкларуюць толькі 18 % выбарнікаў.
Герой апошняй серыі дакументальнага цыклу "Беларусь -- адзін верш" -- Леанід Дранько-Майсюк. Паэт распавядзе, што такое "далькажык" і "асветар". Хто натхняе паэта і хто для яго майстар? Беларуская паэзія -- гэта не толькі тое, што нас прымушалі чытаць у школьных падручніках. Беларускія паэты -- не толькі памерлыя творцы ХХ ст. Беларускія вершы -- не толькі любоўная лірыка. «Беларусь -- адзін верш», 4 красавіка, 20:50«Беларусь -- адзін верш», 4.
У сакавіку некалькі выпрабавальных палётаў мадэлі "PAL-V" былі праведзеныя ў Нідэрландах. Каб узняцца ў паветра, машыне патрэбны 165-метровы ўчастак дарогі ці проста адносна роўнай паверхні. Мадэль мае два вінты -- зверху і ззаду. Большы, што месціцца на даху, складаецца, калі мадэль выкарыстоўваецца дзеля перасоўвання па зямлі. Максімальная хуткасць у абодвух варыянтах -- 180 кіламетраў на гадзіну.
Беларусь у эканамічным плане можа выйграць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе, мяркуе палітолаг Кірыл Коктыш. "Размова ідзе пра эканамічную інтэграцыю, а не пра палітычную -- палітычнага суверэнітэту ніхто не чапае, і дзякуй богу. Што датычыць эканамічнай кааперацыі, Еўразійскі саюз ператвараецца ў адзіную эканамічную прастору з аднолькавымі ўмовамі канкурэнцыі для эканамічных субектаў, дзе канкуруюць паслугі, могуць перасоўвацца тавары і людзі. Гэта іншая рэчаіснасць ў параўнанні з тым, што існавала дагэтуль", -- падкрэсліў эксперт.