Заклікі да актыўнага непадпарадкавання паліцыі ды ўдзелу ў масавых закалотах. Гэтак Следчы камітэт Расеі інтэрпрэтаваў учорашні мітынг нязгодных з вынікамі выбараў і распачаў правяранне па гэтым факце. Арганізатары пратэстаў з абвінавачаннямі не пагаджаюцца. Яны кажуць, што да незаконных дзеянняў удзельнікаў мітынгу не заклікалі ды ўжо рыхтуюцца да наступнай акцыі -- 10 сакавіка. Чым гэта можа абярнуцца? Упэўнена паводзіў сябе новаабраны прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пасля абвешчанай перамогі.
Эксперты з Масквы, Кіева, Кішынёва, Ерэвану, Астаны. Праз адмысловы тэлемост абмяркоўвалі новы сцэнар адносінаў Расеі ды СНД. Між тым да дыялогу прадстаўнікоў Менску не запрасілі. Чаму Беларусь аказалася за бортам? Чаго далей можна чакаць у расейска-беларускіх стасунках? Ад любові да нянавісці -- адзін крок. Гэты выраз добра пасуе да расейска-беларускіх адносінаў.
Новы крэдыт -- новыя ўмовы. Міжнародны валютны фонд спачатку акрэслівае патрабаванні і толькі потым будзе размаўляць пра магчымы абём магчымага крэдыту. І мяч цяпер на полі ўладаў Беларусі -- яны мусяць вызначыцца з неабходнай эканамічнаю палітыкаю і даказаць, што будуць цалкам яе прытрымлівацца. Ці будуць грошы ад міжнароднай супольнасці ды ці патрэбныя яны нам? Размовы пра лібералізацыю і рэформы ідуць на дзяржаўным узроўні да першага буйнога крэдыту, які дазваляе адкласці перамены на потым. Даўжніка, які толькі абяцае пачаць працаваць і аднойчы аддаць усе-ўсе пазыкі, крэдыторы не любяць, але часам спрабуюць выправіць і ўкладаюць у гэта свае сілы ды час.
А пачынаем выданне з гучнага арышту. Працаўнікі следчага камітэту Менску затрымалі старшыню назіральнай рады "Тэхнабанку", намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзіслава Кацарэнку. Абвінавачанні -- суўдзел у злачынстве ды спрыянне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Чаму ў Беларусі рызыкоўна быць і бізнесоўцам, і палітыкам? Падобныя абвінавачванні, праўда, у абкраданні ўласнай фірмы, ужо калісь чуў бізнесовец і колішні апазіцыйны дэпутат у Вярхоўным Савеце Андрэй Клімаў. У справе затрымання Кацарэнкі ён бачыць таксама палітычны кантэкст, але зусім іншы.
Куды знікла таннае малако? Чым яно адрозніваецца ад таго, што прадаюць за 5000 рублёў? Хто вымушаны біцца за літр малака, і да чаго такое можа прывесці? Пра гэта -- у рэпартажы праграмы «Маю права». У праграме таксама: дачнікі змагаюцца за сваю зямлю. Чаму ў вёсках закрываюць школы? «Маю права». 7 сакавіка, а 21:25.