Не салодка ў гэтыя марозныя дні даводзіцца і братам нашым меншым. У сталічным заапарку цеплалюбныя жывёліны традыцыйна зімуюць у закрытых павільёнах. Але аказваецца, што вытрываць сапраўдныя беларускія маразы ды шпацыр па снезе гатовыя не толькі мядзведзі ды валкі, але нават ільвы да вярблюды. Наведаць менскі заапарк запрашаем і вас. Вольга Кляўчэня, "Абектыў"
На каго вучыцца? Над гэтым пытаннем цяпер разважаюць тысячы абітурыентаў. Сёлета іхны выбар звузіцца -- пераважна коштам беларускай філалогіі. АЛЕГ ТРУСАЎ, ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ: "Гэта сведчыць пра тое, што нашая адукацыя ідзе ў нікуды. Сёння мы закрылі беларускую мову, пасля -- матэматыка, фізіка. У выніку -- што? Мы тут пра Балёнскі працэс кажам, а ў выніку нашая адукацыя значна горшая, чым была ў савецкія часы". Галоўная педагагічная ВНУ краіны -- універсітэт імя Максіма Танка -- скасуе сем гуманітарных спецыяльнасцяў, чатыры з якіх -- беларускамоўныя.
Паводле незалежных экспертаў, cродкі на дадатковыя выплаты насельніцтву ў бюджэце сапраўды ёсць: выправілася плацежнае сальда, прыйшлі грошы за продаж "Белтрансгазу". Аднак каго насамрэч падтрымаюць гэткія падвышэнні? АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ: "Тыя выплаты насельніцтву, якія мы цяпер назіраем, пойдуць найперш на падтрыманне замежнага вытворцы: у Кітай, Расею, Еўропу. Бо гэтыя грошы пойдуць на рэчы, якія вырабляюць замежныя кампаніі". Як рапартуе афіцыйная статыстыка, купляць беларускае за мяжою сталі лепш.
Фуры на марозе рыпяць і ламаюцца. Кіроўцы ж нервуюцца -- замоўцы плацяць ім за дастаўку, а не за прастой. Да таго ж часта падводзіць паліва, не разлічанае на гэткія нізкія тэмпературы. КІРОЎЦЫ: "Газам ратуемся. У каго аўтамабіль свяжэйшы, той і выжывае". "Салярка ў нас нядобрая, каб аўта ў такі мароз выключаць на ноч". "Ніхто тут каваю з гарбатаю не частуе, самі сабе гатуем". Вялікія чэргі на выездзе з Беларусі пачалі фармавацца яшчэ на мінулым тыдні. Свайго піку яны дасягнулі на памежным пераходзе Мядзінінкай -- Каменны лог: тут у нядзелю затрымаліся 920 фураў.
У любы час і без візы наведаць сваякоў, зездзіць на закупы, адпачыць у Латвіі. Цяпер дзеля гэтага дастаткова атрымаць у латышскім консульстве адпаведны дазвол. Тэрмін яго дзеяння -- да пяці гадоў, а кошт -- 20 еўраў, для дзяцей жа і пенсіянераў -- увогуле бясплатна. У запаветны спіс трапілі жыхары Браслава, Мёраў і Верхнядзвінску ды прылеглых да гэтых раёнаў сельсаветаў, а з латвійскага боку -- жыхары Даўгаўпілсу, Краславы, Дагды, Зілупэ. Цешацца новай магчымасці не толькі жыхары, але і палітыкі, што прыкладалі намаганні, каб увасобіць гэтую ідэю ў жыццё.